Сікорскі: Для Польшчы непрымальна знаходжанне ў няволі Пачобута
25 ліпеня, Позірк. “Беларусь ведае, што трэба зрабіць, каб яе адносіны з Варшавай палепшыліся”, — заявіў у эфіры радыё RMF24 міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
Паводле яго слоў, для Польшчы “непрымальна” знаходжанне ў няволі палітзняволенага журналіста, актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута, а таксама “навучанне Беларуссю агрэсіўных мігрантаў для нападаў на польскіх памежнікаў”.
Сікорскі падкрэсліў, што беларуская ўлада “не паводзіць сябе як добры сусед”, бо пры дапамозе Расіі “ўключае і выключае наплыў нелегальных мігрантаў на мяжы, зыходзячы з нейкіх палітычных інструкцый”.
Гаворачы аб зніжэнні колькасці спробаў нелегальнага перасячэння мяжы, кіраўнік МЗС паўтарыў тэзіс, што на гэта мог паўплываць Пекін. “Кітайскі бок выказаў Мінску занепакоенасць у сувязі з сітуацыяй на мяжы з Польшчай і ў частцы руху тавараў, і ў частцы руху фізічных асоб”, — удакладніў міністр.
Адказваючы на пытанне аб магчымасці поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю, Сікорскі заявіў: “Гэта наша суверэннае права”.
Польскае Radio ZET са спасылкай на неназванага высокапастаўленага чыноўніка Міністэрства замежных спраў паведаміла 23 ліпеня, што Варшава вядзе перамовы з Мінскам аб вызваленні Пачобута.
Паводле інфармацыі медыя, у якасці аднаго з аргументаў, які Варшава можа выкарыстоўваць пры кантактах з Мінскам, “з’яўляецца пытанне аб поўным закрыцці памежных пераходаў”.
22 ліпеня намеснік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Шэйна заявіў, што ў Варшавы ёсць “канкрэтныя ўмовы для Беларусі”, калі яна “хоча нармалізаваць адносіны”. Гаворка, паводле яго слоў, аб “спыненні гібрыдных нападаў [з дапамогай мігрантаў, якія спрабуюць незаконна перасекчы мяжу], выдачы забойцы польскага вайскоўца, вызваленні зняволеных палякаў”.
Польшча даўно дамагаецца вызвалення Пачобута, які ў Беларусі прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі ў рамках палітычна матываванай справы.
З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і ЕС працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.
28 траўня на мяжы з Беларуссю адбыўся напад на 21-гадовага вайскоўца польскай 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, які памёр у шпіталі 6 чэрвеня. Варшава запатрабавала ад Мінска выдаць, як сцвярджаецца, мігранта, які нанёс мужчыне нажавое раненне. Паводле інфармацыі СМІ, кампетэнтныя органы Польшчы ўстанавілі асобу вінаватага ў гібелі вайскоўца, ён усё яшчэ на беларускай тэрыторыі, але пасля раскрыцця можа паспрабаваць збегчы на Блізкі Усход.
Смерць Сітэка стала адной з прычын, па якой 13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць часовая буферная зона, а ў Варшаве загаварылі аб магчымасці закрыцця пагранпераходаў.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ГрамадстваТРВОД чакае, што на Вадохрышча ў вадаёмы акунецца 300 тыс. чалавекМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаУраджайнасць памідораў у цяпліцах зніжаецца ў гадавым выражэнні восем месяцаў запар — БелстатМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 14 студзеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Выбары, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка