Мінск 09:05

Беларусь узмацняе групоўку войскаў на мяжы з Украінай (дапоўнена)

Міністр абароны Віктар Хрэнін
Фота: прэс-служба Мінабароны

10 жніўня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка “аддаў указанні на ўзмацненне групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках”, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін на брыфінгу 10 жніўня.

Паводле яго слоў, 9 жніўня ў 18:10 дзяжурнымі сіламі радыётэхнічнай брыгады “з боку Украіны быў выкрыты палёт групы цэляў да дзяржаўнай мяжы” Беларусі, праз тры хвіліны “дзяжурныя сілы па СПА былі прыведзеныя ў гатоўнасць № 1 для дзеянняў па групе цэляў у выпадку парушэння” мяжы.

“У 18:29 паднятыя дзяжурныя экіпажы самалётаў Су-30СМ і верталётаў Мі-24, якія знаходзяцца на баявым дзяжурстве, — сказаў міністр. — У 18:58 сродкамі аднаго з зенітных ракетных палкоў са складу дзяжурных сіл выяўленыя паветраныя цэлі, якія ўзятыя на суправаджэнне і вызначаныя як беспілотныя лятучыя апараты. У 19:04 цэлі знішчаныя”.

Лятучыя апараты па-за паветранай прасторай Беларусі, паведаміў ён, былі “перададзеныя на суправаджэнне сілам і сродкам СПА Расійскай Федэрацыі і таксама знішчаныя”.

“Мы расцэньваем гэта як правакацыю ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, — заявіў Хрэнін. — Улічваючы абстаноўку, якая складваецца ва Украіне, а таксама ў Курскай вобласці Расіі, галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі аддаў указанні на ўзмацненне групоўкі войскаў на Гомельскім і Мазырскім тактычных напрамках з мэтай рэагавання на любыя магчымыя правакацыі”.

“Вайсковыя часці сіл спецыяльных аперацый, сухапутных войскаў, ракетных войскаў, у тым ліку рэактыўныя сістэмы “Паланэз” і комплексы “Іскандэр”, атрымалі задачы на здзяйсненне маршаў у вызначаныя раёны. Таксама ажыццёўлена нарошчванне сіл і сродкаў ЗРВ, РТВ (зенітных ракетных войскаў і радыётэхнічных войскаў адпаведна. — “Позірк”.) і авіяцыі. Мы пільна сочым за абстаноўкай і гатовыя рэагаваць на любыя яе змены”, — сказаў міністр.

Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў 18:10 9 жніўня “сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі былі пераведзеныя ў падвышаную баявую гатоўнасць”, паколькі Узброеныя сілы Украіны “парушылі ўсялякія дамоўленасці, усялякія правілы паводзін і парушылі паветраную прастору” Беларусі.

“На ўсходнім напрамку, зусім побач ад нас — у раёне Касцюковічаў, Касцюковіцкага раёна. Таму сілы СПА былі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць на перахоп цэляў. Іх было каля дзясятка. Вылецелі самалёты, верталёт. І таксама сродкі РСЗА былі пераведзеныя ў падвышаную баявую гатоўнасць”, — сказаў ён.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, у 19:04 “на вышыні паўтара кіламетра і далёкасці 6,5 кіламетра сіламі супрацьпаветранай абароны было знішчана некалькі цэляў над тэрыторыяй Беларусі”. Астатнія цэлі, заявіў ён, над сваёй тэрыторыяй збіла Расея.

Лукашэнка сказаў, што не разумее “навошта гэта Украіне”, “трэба разабрацца”.

“Але мы, як я казаў, дакладна вызначаліся з імі і давялі да іх гэтую інфармацыю, што без адказу любыя правакацыі не застануцца. Таму Міністэрству абароны, Генеральнаму штабу Беларусі загадана правесці адпаведныя мерапрыемствы для таго, каб надзейна гарантаваць бяспеку нашай дзяржавы”, — паведаміў ён.

Напрыканцы чэрвеня беларускія ўлады абвінавацілі Украіну ў актывізацыі выведніцкай дзейнасці, перамяшчэнні да мяжы баявых падраздзяленняў. Мінск дэманстратыўна ўзмацніў ахову мяжы, выступіў з пагрозамі на адрас Кіева.

У сярэдзіне ліпеня Лукашэнка даручыў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслакацыі, бо, як ён патлумачыў пазней, вайскоўцы далі рады сітуацыі “дыпламатычнай мовай”.

Расійская прапаганда тады абвінаваціла Лукашэнку ў здрадзе, паколькі, як сцвярджалася, вызваленыя ўкраінскія войскі былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт.

У ноч на 6 жніўня ўкраінскія войскі зайшлі на тэрыторыю Курскай вобласці РФ. Сярод іх, паводле сцвярджэння расійскіх праўладных крыніц, былі і тыя, што знаходзіліся на мяжы з Беларуссю ў перыяд напружанасці. Лукашэнку папракнулі ў тым, што заход УСУ стаў магчымы ў тым ліку праз яго рашэнне.

Падзяліцца: