Мінск 16:31

Хрэнін абмеркаваў з міністрам абароны РФ Белавусавым “бягучую ваенна-палітычную абстаноўку”

Фота: Мінабароны

12 жніўня, Позірк. “Бягучую ваенна-палітычную абстаноўку” абмеркаваў міністр абароны Віктар Хрэнін з расійскім калегам Андрэем Белавусавым, паведамляе прэс-служба беларускага абароннага ведамства.

Сустрэча чыноўнікаў прайшла 12 жніўня на форуме-выставе “Армія-2024” у падмаскоўным горадзе Кубінка.

Падрабязнасці не прыводзяцца.

Выступаючы на адкрыцці выставы, Хрэнін заявіў, што “ва ўмовах складанай ваенна-палітычнай абстаноўкі, глабальнай нестабільнасці і спроб беспрэцэдэнтнага ціску на краіны, якія праводзяць уласную суверэнную і незалежную палітыку, форум дае выдатную магчымасць для развіцця адносін паміж аднадумцамі, партнёрамі і саюзнікамі”.

На яго думку, ваенная выстава спрыяе далейшаму абмену вопытам, “працягу адкрытага і давернага сяброўскага дыялогу, накіраванага на падтрыманне міру і стабільнасці ва ўсіх рэгіёнах планеты”.

Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, нацыянальныя экспазіцыі на форуме сфарміравалі Беларусь, Іран, Індыя, Кітай. У працы форуму прымуць удзел больш за 120 замежных кампаній, запрошаны ваенныя дэлегацыі 110 замежных дзяржаў.

Форум праходзіць з 2015 года, сёлета — менш масава, адмененыя мерапрыемствы ў ваенных акругах, на аэрадроме і палігоне ў Кубінцы, выключаныя з праграмы культурна-мастацкія і забаўляльныя мерапрыемствы.

Сустрэча Хрэніна і Белавусава прайшла на фоне наступальнай аперацыі ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласці РФ і зробленых 10 жніўня Аляксандрам Лукашэнкам заяў, у якіх ён абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятальнымі апаратамі.

Лукашэнка загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла, што Лукашэнка чарговым разам прадэманстраваў свой “статус марыянеткі” прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, спрабуючы адцягнуць украінскія сілы перамяшчэннямі войскаў і “фэйкавымі гісторыямі аб беспілотніках”.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка лічыць, што Пуцін у адпаведнасці з палажэннямі Ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы мог звярнуцца да Лукашэнкі з просьбай накіраваць беларускае войска на абарону Курскай вобласці РФ.

“Лукашэнка, вядома, не хоча гэта рабіць, для яго гэта трыгерная сітуацыя, — сказаў Латушка. — Ён баіцца накіраваць Узброеныя сілы Беларусі на тэрыторыю Расіі абараняць Расійскую Федэрацыю. Таму ён зноў вымушаны вярнуць войскі да мяжы з Украінай, парушыць, напэўна, нейкія абавязанні, якія ён даваў Кітаю, магчыма, Францыі, <…> каб не накіроўваць на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі”.

Падзяліцца: