Мінск 16:09

У Мазыры з вышыні чацвёртага паверха ўпалі два рамонтнікі — адзін загінуў

Скрыншот: тэлеканал "Мазыр"

13 жніўня, Позірк. Пры рамонце даху жылога дома ў Мазыры (Гомельская вобласць) з вышыні чацвёртага паверха ўпалі два рабочыя-рамонтнікі, паведамляе тэлеканал “Мазыр”.

Гэта адбылося 13 жніўня ў выніку абрыву “калыскі аўтавышкі”, гаворыцца ў паведамленні, пацярпелыя — супрацоўнікі рамонтна-будаўнічага ўчастка мясцовага райжылкамгаса, яны працавалі па адрасе вул. Прытыцкага, 6/1.

У выніку здарэння мужчына 1976 года нараджэння загінуў.

Супрацоўнік 1963 г. н. знаходзіцца ў бальніцы ў цяжкім стане.

Будаўніцтва з’яўляецца адной з самых траўманебяспечных галін, заявіў на прэс-канферэнцыі 10 чэрвеня ў Мінску начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Іван Карчэўскі.

“2024 год абвешчаны годам бяспекі ў будаўніцтве, — сказаў чыноўнік. — Эфект ад правядзення такіх мерапрыемстваў ёсць. Так, 2023-ы быў годам бяспекі ў прамысловасці. За гэты час не адбылося ніводнага няшчаснага выпадку на вытворчасці, а траўматызм знізіўся на 10%”.

Паводле слоў першага намесніка дырэктара дэпартамента дзяржінспекцыі працы Мінпрацы Дзяніса Тамашава, у 2023 годзе ў параўнанні з 2022-м у будаўніцтве “агульны траўматызм павялічыўся на 8%, а са смяротным зыходам — на 20%”. Абсалютных лічбаў ён не прывёў.

Разам з тым, паводле яго слоў, прынятыя меры ў рамках “года бяспекі”, прывялі да зніжэння за пяць месяцаў 2024 года агульнага траўматызму на 16%, са смяротным зыходам — на 36%.

Асноўнымі прычынамі траўміравання Тамашаў назваў “невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы”. У прыватнасці, растлумачыў прадстаўнік дэпартамента, да будаўніча-мантажных работ дапускаюцца рабочыя, якія не маюць адпаведнай кваліфікацыі.

“Таксама ёсць выпадкі, калі самі работнікі парушаюць патрабаванні па ахове працы, бязладна ставяцца да бяспекі (да прыкладу, адшпільваюць карабіны ад страховачнага троса). На будоўлі галоўнае, каб была дысцыпліна”, — падкрэсліў спікер.

Падзяліцца: