Мінск 21:38

Назіральнікі з Венесуэлы гатовыя працаваць у Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах 2025 года — ЦВК

Архіўнае фота: "Позірк"

20 жніўня, Позірк. Місія назіральнікаў з Венесуэлы гатовая працаваць на прэзідэнцкіх выбарах 2025 года, заявіў 20 жніўня амбасадар гэтай лацінаамерыканскай краіны ў Беларусі Франклін Араке.

Як паведамляе прэс-служба Цэнтральнай выбарчай камісіі, адпаведную заяву дыпламат зрабіў на сустрэчы ў Мінску з беларускімі назіральнікамі, якія працавалі на выбарах прэзідэнта Венесуэлы.

Сустрэча, як заяўляецца, прайшла “па ініцыятыве венесуэльскага боку” з улікам “спробаў вонкавага ўмяшання ва ўнутраныя справы Венесуэлы падчас прэзідэнцкіх выбараў”.

Адзначаецца, што Араке “праінфармаваў беларускі бок аб выніках праведзеных выбараў і аб бягучым стане спраў у краіне”. Ён “распавёў аб канкрэтных фактах умяшання ва ўнутраныя справы Венесуэлы з боку іншых дзяржаў, кібератаках на выбарчую сістэму, спробах запалохвання і разгойдвання сітуацыі да абвяшчэння афіцыйных вынікаў выбараў”.

У сваю чаргу беларускія назіральнікі “пацвердзілі раней выказаную заяву, што выбары прэзідэнта Венесуэлы прайшлі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам Венесуэлы”.

6 жніўня амбасадар Араке праінфармаваў кіраўніка МЗС Беларусі Максіма Рыжанкова аб выніках правядзення прэзідэнцкай кампаніі і аб развіцці сітуацыі ў Венесуэле.

8 ліпеня ў Венесуэле адбыліся прэзідэнцкія выбары, пераможцам якіх абвешчаны дзеючы кіраўнік дзяржавы Нікалас Мадура. Ён пераабраны на трэці тэрмін.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Мадура набраў 51,2% галасоў, нязначна апярэдзіўшы кандыдата ад аб’яднанай апазіцыі — былога дыпламата Эдмунда Гансалеса (44,2%).

На наступны дзень тысячы прыхільнікаў апазіцыі выйшлі на акцыі пратэсту ў гарадах Венесуэлы. Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, у Каракасе паліцыя і вайскоўцы ўжылі супраць пратэстоўцаў слёзатачывы газ і гумовыя кулі, паведамлялася аб ахвярах.

Пратэсты працягваліся да 3 жніўня, калі былі практычна падушаныя.

Паводле даных праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, загінула не менш за 20 чалавек. Улады абвясцілі пра дзве тысячы затрыманых.

Паводле звестак незалежных экзітполаў, Гансалеса падтрымала 65% выбаршчыкаў, Мадуру — ад 14% да 31%, паведаміла агенцтва Reuters. Апазіцыя сцвярджае, што ў яе ёсць копіі бюлетэняў з выбарчых участкаў, якія паказваюць упэўненую перамогу Гансалеса.

Дэмакратычныя краіны не прызнаюць перамогу Мадуры.

Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні яму 29 ліпеня заявіў, што Венесуэла пад яго кіраўніцтвам “працягне ўпэўнена крочыць па шляху ўмацавання свайго суверэнітэту, развіцця кампетэнцый па шматлікіх напрамках”.

Прэзідэнцкія выбары ў Венесуэле — “адны з самых важных выбараў, якія наогул праходзяць у свеце”, для Лукашэнкі, але не столькі эканамічна, колькі эмацыйна, “таму што з гэтай краінай яго многае звязвае”. Такое меркаванне ў каментары “Позірку” выказаў палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.

Венесуэла была ў ліку краін, якія прызналі ў 2020 годзе вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Падзяліцца: