Мінск 23:10

Крымінальная справа аб абароце 320 кг гераіну перададзена ў суд — абвінавачванне прад’яўлена чацвярым замежнікам

Фота: sb.by

27 жніўня, Позірк. У Мінскі гарадскі суд перададзеныя матэрыялы крымінальнай справы паводле абвінавачвання чацвярых замежных грамадзян у незаконным абароце больш за 320 кг гераіну “ў складзе арганізаванай групы”, паведамляе Генеральная пракуратура.

Абвінавачванне прад’яўлена паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 4 арт. 328 (незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне і перавозка асабліва небяспечных наркатычных сродкаў у буйным памеры, учыненыя арганізаванай групай), ч. 3 арт. 3281 (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь асабліва небяспечных наркатычных сродкаў у буйным памеры, здзейсненае арганізаванай групай), ч. 1 арт. 285 (дзейнасць па стварэнні злачыннай арганізацыі альбо кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй або структурным падраздзяленнем, якое ўваходзіць у яе склад).

Паводле даных следства, адзін з абвінавачаных, “уцягнуты ў дзейнасць міжнароднай злачыннай арганізацыі па незаконным абароце буйнааптовых партый гераіну”, стварыў у яе складзе з лістапада 2022 года па верасень 2023 асобную групу. Для “рэалізацыі злачыннага намеру” ім было арганізавана набыццё ў Іране 320 кг 397,57 г гераіну, які затым быў дастаўлены праз Расію “на склад у Мінску”.

Сцвярджаецца, што на “тэрыторыі пералічаных дзяржаў” гераін захоўваўся ў “абсталяваных ва ўпакоўках з-пад соку схованках”. Удзельнікі групы планавалі перавезці наркотык “у іншыя краіны”.

Аб канфіскацыі памежнікамі буйной партыі гераіну ў скрынках з-пад соку прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта паведаміла летась 25 верасня.

Паводле інфармацыі ведамства, наркотыкі былі выяўленыя падчас “міжнароднай аперацыі па спыненні канала наркатрафіку па маршруце Іран — Расія — Беларусь — Вялікабрытанія” пры садзейнічанні беларускіх мытнікаў і пагранслужбы ФСБ РФ.

Адзначалася, што беларускія памежнікі правялі “аператыўную камбінацыю”, у выніку якой у краіну прыбылі члены арганізаванай злачыннай групы — “з мэтай транспартавання гераіну ў Еўропу”.

У выніку аперацыі былі затрыманыя чацвёра грамадзян Турцыі і адзін грамадзянін Беларусі, якім, як паведамляла тады памежнае ведамства, пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі “за арганізацыю міжнароднага канала наркатрафіку”.

Падзяліцца: