Мінск 12:45

У школьным харчаванні будзе павялічана выкарыстанне паўфабрыкатаў

29 красавіка, Позірк. Выкарыстанне ў школьным харчаванні паўфабрыкатаў будзе пашырана, паведамляе прэс-служба ўрада па выніках праведзенай 29 красавіка рабочай сустрэчы прэм’ер-міністра Аляксандра турчына з неназваным колам асоб.

Падкрэсліваецца, што “галоўная задача — школьнае харчаванне павінна быць здаровым і смачным, а праца школьных сталовых — эфектыўнай”.

“Будуць удасканаленыя прынцыпы арганізацыі аднаразовага харчавання, якое стане аднолькавым для школьнікаў, якія навучаюцца і ў першую, і ў другую змену; нормы харчавання плануецца вызначыць для трох узроставых груп — 1-4 класы, 5-7 класы, 8-11 класы (цяпер яны вызначаныя для дзвюх узроставых груп — 6-10 гадоў і 11-18 гадоў)“, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Усе гэтыя меры, лічаць ва ўрадзе, накіраваныя на тое, каб школьнае харчаванне было “больш разнастайным, смачным і здаровым і кожны школьнік меў магчымасць атрымаць харчаванне ў школе”.

Паводле звестак СМІ, у апошнія гады ў беларускіх школах было зафіксавана некалькі выпадкаў масавых недамаганняў і харчовых атручванняў, найбольш рэзанансныя з якіх звязаныя з парушэннямі санітарных нормаў на харчблоках.

У лістападзе 2020 года больш за 200 вучняў сярэдняй школы № 61 звярнуліся па меддапамогу (18 былі шпіталізаваныя) з-за стафілакока ў чыкен-ролах “Маленькі цэзар“.

У студзені 2024-га каля 30 навучэнцаў гродзенскай гімназіі № 3 звярнуліся да медыкаў з сімптомамі кішачнай інфекцыі. Прычынай стаў норавірус, які распаўсюдзіўся з-за парушэння гігіенічных правілаў супрацоўнікамі сталовай.

Падзяліцца: