World Boxing апублікавала ўмовы допуску беларускіх спартсменаў у нейтральным статусе

29 красавіка, Позірк. Арганізацыя Word Boxing (па сутнасці — Сусветная федэрацыя бокса) 29 красавіка апублікавала дэталі новай працэдуры AIN — Athlètes Individuels Neutres (франц. “Індывідуальныя нейтральныя спартсмены”).
Яна будзе выкарыстоўвацца для вызначэння ўмоў, на якіх спартсмены, трэнеры, дапаможны персанал і афіцыйныя асобы з Беларусі змогуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, што арганізуюцца World Boxing, яго Еўрапейскай кантынентальнай канфедэрацыяй — European Boxing альбо нацыянальнымі федэрацыямі, якія ўваходзяць у World Boxing.
Тлумачыцца, што дэлегацыям з Беларусі і Расіі не будзе дазволена ўдзельнічаць у спаборніцтвах з нацыянальнымі сцягамі, формай ці гімнамі, яны павінны будуць прайсці дэталёвую працэдуру праверкі, каб атрымаць допуск да спаборніцтваў World Boxing.
Адзначаецца, што працэдура AIN “адлюстроўвае падыход, які ўжываецца Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК)“. Яна была распрацаваная пасля рашэння выканаўчага савета World Boxing на папярэднім пасяджэнні ў сакавіку 2026 года падтрымаць заяўкі на сяброўства Беларускай федэрацыі бокса і федэрацыі бокса Расіі, што дазволіць іх спартсменам удзельнічаць у спаборніцтвах World Boxing.
Паведамляецца, што “выкарыстанне сцяга краіны або нацыянальнай федэрацыі падчас спаборніцтваў забаронена. Калі баксёр з краіны AIN выйграе залаты медаль, нацыянальны гімн выконвацца не будзе. Пры заваяванні медаля будзе выкарыстоўвацца сцяг з лагатыпам AIN. У тэлевізійнай графіцы і ўсёй інфармацыі аб спаборніцтве спартсмены будуць пазначацца як AIN. Гэтыя правілы прымяняюцца да ўсіх узроставым катэгорыям спаборніцтваў, наўпрост арганізуюцца World Boxing або European Boxing“.
Што тычыцца формы спартсменаў, то баксёры “будуць выступаць з пазначэннем AIN на майках замест BLR або RUS. Лагатып нацыянальнай федэрацыі або краіны забаронены на любой частцы формы”. Пры гэтым “трэнеры, дапаможны персанал і афіцыйныя асобы каманды павінны насіць нейтральную форму, якую неабходна загадзя даць World Boxing на зацвярджэнне”.
“З моманту прыбыцця да ад’езду ніводнаму члену дэлегацыі AIN не дазваляецца насіць прадметы са сцягам або лагатыпам сваёй краіны або федэрацыі ў любых спаборніцкіх сітуацыях (уключаючы рэгістрацыю, лёсаванне, узважванне і тэхнічныя нарады). Гэтыя правілы прымяняюцца да ўсіх спаборніцтваў усіх узроставых катэгорый, якія арганізуюцца World Boxing, European Boxing або нацыянальнымі федэрацыямі”, — гаворыцца ў дакуменце.
Заяўкі спартсменаў абедзвюх краін павінны падавацца наўпрост у спартовы дэпартамент World Boxing, які “будзе працаваць з незалежнай іншай арганізацыяй, якая правядзе праверкі ўсіх спартсменаў з Расіі і Беларусі, каб пераканацца, што яны не падтрымлівалі вайну ва Украіне; не атрымліваюць аплату ад войска або сілавых структур; не знаходзяцца ў клубах, звязаных з войскам або паліцыяй; не ўдзельнічалі ў спаборніцтвах, арганізаваных Міжнародным саветам вайсковага спорту (CISM) з пачатку вайны”. Пры гэтым “кошт праверкі кожнага спартсмена аплачваецца нацыянальнай федэрацыяй Беларусі ці Расіі загадзя”.
Праверка “распаўсюджваецца на ўсіх спартоўцаў (мужчын і жанчын) у спаборніцтвах элітнага ўзроўню, але не тычыцца спартсменаў да 19 гадоў і маладзейшых“, аднак “распаўсюджваецца на трэнераў і персанал, які працуе са спартоўцамі на элітных і U19 спаборніцтвах; выдаткі таксама аплачваюць нацыянальныя федэрацыі“.
Удакладняецца, што, “калі праверка выклікае пытанні ці дае неадназначны вынік, справу разглядае камісія, прызначаная выканаўчым саветам World Boxing“. Рашэнне камісіі з’яўляецца канчатковым і не падлягае абскарджанню, “калі не з’явяцца новыя даныя“.
“Працэдура AIN ўведзеная ў дзеянне неадкладна пасля рашэння выканаўчага савета World Boxing. Генеральны сакратар ужо накіраваў лісты Беларускай федэрацыі бокса і федэрацыі бокса Расіі з падрабязнасцямі працэдуры і парадкам яе прымянення“, — гаворыцца ў інфармацыі World Boxing.
У чэрвені 2023 года стала вядома, што Міжнародная асацыяцыя бокса (IBA), якая дазволіла ў кастрычніку 2022 года беларусам і расіянам спаборнічаць з дзяржсімволікай, была выключаная са складу Міжнароднага алімпійскага камітэта.
З 2020 года Міжнароднай асацыяцыяй бокса кіруе расіянін Умар Крамлёў. Раней ён займаў пасаду генеральнага сакратара федэрацыі бокса Расіі. Асноўную частку выдаткаў IBA пакрывае спонсарская ўгода з расійскай кампаніяй “Газпрам”.
Забарона на міжнародныя выступы беларускіх і расійскіх баксёраў была накладзеная неўзабаве пасля 24 лютага 2022 года, калі Расія, выкарыстоўваючы тэрыторыю Беларусі, развязала вайну супраць Украіны.
28 лютага 2022 года МАК заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям у тыпах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў.
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваНатуральнае змяншэнне насельніцтва ў 2025 годзе было ў 1,9 раза больш, чым у 1995-м — першым поўным годзе кіравання Лукашэнкі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаСуседнія краіны ЕС ад пачатку красавіка зафіксавалі больш за 2 тыс. спробаў парушэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 28 красавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства



