Мінск 09:07

Лукашэнка пахваліў ААН за супрацьдзеянне “рызыкам і пагрозам” — раней называў арганізацыю “нікчэмнай”

Ілюстрацыя: "Вікіпедыя"

30 красавіка, Позірк. Дзякуючы досведу і прафесіяналізму генеральнага сакратара Антоніу Гутэрыша Арганізацыя Аб’яднаных Нацый “працягвае ў гэты няпросты для ўсяго чалавецтва час настойлівую і паслядоўную дзейнасць, накіраваную на кансалідацыю міжнароднай супольнасці і супрацьдзеянне шэрагу сучасных рызык і пагроз”. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 30 красавіка Гутэрыша з днём нараджэння.

Паводле слоў віншавальніка, якія перадае яго прэс-служба, сёння арганізацыя “сутыкаецца не толькі са знешнімі выклікамі, але і з унутранымі праблемамі”, таму “як ніколі важна захоўваць рашучасць для ўтрымання лідарства і аўтарытэту ААН”.

“Рэспубліка Беларусь застаецца прыхільнай мэтам арганізацыі, дэманструючы цвёрдасць і непахіснасць у сваіх намаганнях па вырашэнні ключавых пытанняў міру і бяспекі”, — заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Мінск “надае асаблівае значэнне традыцыйна рознабаковаму супрацоўніцтву з ААН, а таксама іншымі краінамі на аснове ўзаемнай павагі і даверу”. “Пры гэтым выключна важным лічым неабходнасць прытрымлівацца прынцыпаў суверэнітэту і неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў”, — дадаў палітык.

Раней Лукашэнка неаднаразова крытыкаваў ААН.

На сустрэчы з удзельнікамі пасяджэння савета Парламенцкай асамблеі АДКБ 18 траўня 2023 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ААН і АБСЕ намаганнямі “заходніх апанентаў” ператвараюцца “ў інстытуты ціску і канфрантацыі, становяцца падручнымі сабачкамі для заходніх дзяржаў”. “Мы лічым недальнабачнымі і безадказнымі такія дзеянні”, — сказаў ён.

15 чэрвеня таго ж года, прымаючы даверчыя граматы шэрагу замежных амбасадараў, Лукашэнка заявіў, што ААН “з цывілізаванай дыялогавай пляцоўкі для вырашэння спрэчак і дыскусій пра будучае развіццё свету” ператварылася ў “дыпламатычнае казіно, дзе запраўляюць заходнія верхаводы”.

На яго думку, “калектыўны Захад” толькі “пакуль запраўляе ў ААН”. “Мы выступаем за шматпалярны, справядлівы свет з гарантыямі развіцця для ўсіх краін без выключэння. У гэты час Захад разбурае сістэму еўрапейскай бяспекі, створаную пасля Другой сусветнай вайны”, — адзначыў Лукашэнка.

4 ліпеня 2024 года ў Астане (Казахстан) на палях саміту ШАС падчас сустрэчы з Лукашэнкам генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Ён выказаў пажаданне, каб амністыя, у выніку якой былі вызваленыя некаторыя палітвязні, стала “крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі” (тагачасная хваля памілаванняў палітвязняў завяршылася напрыканцы студзеня 2025 года, перад мерапрыемствам, якое афіцыйны Мінск лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”; працэс аднавіўся, калі з рэжымам Лукашэнкі пачалі актыўна кантактаваць прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта ЗША).

У кастрычніку 2024 года Гутэрыш узяў удзел у саміце БРІКС у расійскай Казані, за што пасля падпаў пад крытыку шэрагу заходніх лідараў. На палях форуму генсакратар ААН правёў шмат сустрэч, у тым ліку з Лукашэнкам. Беларускі палітык, які падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны, падарыў Гутэрышу скульптуру буслоў, паведаміўшы, што гэта сімвал міру: “Нам, Антоніу, вельмі патрэбен мір”.

“Вы павінны ведаць, што мы заўсёды будзем побач з вамі, што тычыцца [пытанняў] міру і вайны. Мы за мір, за мірныя перамовы, за мірнае вырашэнне любых канфліктаў”, — адзначыў Лукашэнка. Ён прайшоў у абдымку з Гутэрышам некалькі метраў.

У той жа дзень Лукашэнка даў інтэрв’ю расійскай газеце “Известия”, у якім раскрытыкаваў дзейнасць ААН, заявіўшы, што быў бы не супраць з’яўлення ў свеце арганізацыі-супрацьвагі, каб “ААН заварушылася”. Ён выступіў за тое, каб праца ААН “была эфектыўнай, каб Савет бяспекі вырашаў пытанне, а не проста збіраўся там”, каб пытанні вайны і міру вырашаліся выключна на пляцоўцы арганізацыі.

16 лютага 2026 года на сустрэчы ў Мінску з Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым Лукашэнка заявіў, што сталых членаў Савета бяспекі ААН (Велікабрытанія, Кітай, Расія, Францыя, ЗША) “ні ў якім разе нельга пазбаўляць права вета пры той сітуацыі, якая сёння складваецца”.

“Так што мая пазіцыя такая, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацый — гэта нікчэмная арганізацыя. Ніякіх пытанняў не вырашае і не вырашыць, але іншай няма”, — адзначыў палітык.

Падзяліцца: