Мінск 18:42

Падчас уборкі ўраджаю выяўлена амаль 7,4 тыс. парушэнняў патрабаванняў па ахове працы

Ілюстрацыйнае фота: David Becker / unsplash.com

11 верасня, Позірк. Кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый “рэкамендавана ліквідаваць прыкладна 7,4 тыс. парушэнняў патрабаванняў па ахове працы”, выяўленых з пачатку ўборачнай кампаніі, паведамляе прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Паводле сцвярджэння ведамства, парушэнні выяўленыя па выніках 740 маніторынгаў, праведзеных “мабільнымі групамі” з ліку прадстаўнікоў дэпартамента дзяржінспекцыі працы і мясцовых уладаў.

Сярод асноўных парушэнняў — невыкарыстанне работнікамі выдадзеных ім сродкаў індывідуальнай абароны і незабеспячэнне работнікаў гэтымі сродкамі; эксплуатацыя транспарту і іншага абсталявання без ахоўных агароджаў частак, якія рухаюцца (круцяцца); неабсталяванне завальных ям зернесушыльных комплексаў металічнымі рашоткамі; пастаноўка рамантаванай тэхнікі на пабочныя прадметы; допуск работніка, не навучанага бяспечным спосабам выканання працы.

Праз парушэнні прыпынялася праца 404 станкоў, машын і іншага вытворчага абсталявання, эксплуатацыя якіх “стварала пагрозу жыццю і здароўю работнікаў”, падкрэслівае Мінпрацы.

950 чалавек адхілялі ад працы з прычыны “неправядзення інструктажоў, медыцынскіх аглядаў, адсутнасці сродкаў індывідуальнай абароны”.

У аграпрамысловым комплексе, паводле матэрыялаў Камітэта дзяржкантролю і Генпракуратуры, “цэлы букет рознага роду парушэнняў: крадзяжы, карупцыя, прыпіскі, негатоўнасць тэхнікі і зернесушыльных комплексаў і іншыя”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 19 ліпеня на селектарнай нарадзе з прадстаўнікамі сваёй адміністрацыі, урада, мясцовых уладаў.

Злачынствам ён назваў негатоўнасць “нават аднаго камбайна ці сушылкі”: “Патрэбная высокая арганізацыя работ, добрая матывацыя аграрыяў і жалезная дысцыпліна. Пакуль — нават тое, што я бачу няўзброеным вокам, — мы гэтага не маем”.

У ліпені — жніўні, паводле маніторынгу “Позірку”, знішчана або пашкоджана мінімум 35 адзінак тэхнікі.

53% пажараў, якія адбыліся сёлета на аб’ектах аграпрамысловага комплексу, звязана з “чалавечым фактарам”, паведаміў на прэс-канферэнцыі 18 ліпеня начальнік галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Турчын.

“З іх дзве траціны звязаныя з парушэннем правілаў эксплуатацыі электрасетак або электраабсталявання”, — сказаў прадстаўнік ведамства.

Падзяліцца: