Мінск 01:56

Беларусь другі раз з пачатку года накіравала гуманітарную дапамогу ў Зімбабвэ

12 верасня, Позірк. Гуманітарную дапамогу коштам 1,2 млн беларускіх рублёў (каля 375 тыс. долараў ЗША) і масай каля 30 тон адправіла Беларусь пацярпелым ад стыхійных бедстваў у паўночных раёнах Зімбабвэ, паведаміла прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Груз прызначаны для “пераадолення наступстваў небывалай засухі ў паўночных раёнах Зімбабвэ, праз якую больш за 2,7 млн чалавек (блізу шостай часткі насельніцтва краіны) сёлета не мелі дастатковага доступу дастатковага доступу да харчавання”.

Перададзеныя дызель-помпавыя ўстаноўкі, медыцынскія прэпараты, прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці (пледы, дзіцячае адзенне і абутак, сродкі гігіены), паведаміла ведамства.

Груз “сфармаваны МНС сумесна з Міністэрствам аховы здароўя, Мінсельгасхарчам, Мінпрамам і Беллегпрамам”. Гумдапамогу ў Зімбабвэ суправаджае дэлегацыя МНС на чале з намеснікам міністра Ігарам Болатавым.

У траўні Мінск ужо накіроўваў гуманітарную дапамогу на суму 1,24 млн рублёў у гэтую афрыканскую краіну.

3 красавіка прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва абвясціў рэжым нацыянальнага бедства ў краіне праз моцную засуху і нашэсце сельскагаспадарчых шкоднікаў.

Беларускія ўлады актывізавалі кантакты з Зімбабвэ ў 2023 годзе, аднак актуальных звестак па двухбаковым тавараабароце няма. Па выніках 2022 года аб’ём узаемнага гандлю склаў каля 40 млн долараў, 2021-га — 25 млн, 2020-га — 33,6 млн.

Лукашэнка наведваў Зімбабвэ з 30 студзеня да 1 лютага 2023 года. У красавіку са шматдзённым візітам у Мінск прыязджала жонка прэзідэнта Зімбабвэ Аксілія Мнангагва.

У ліпені яна зноў была ў Беларусі з візітам, на сустрэчы з ёй Лукашэнка заявіў, што чакае візіту ў Мінск прэзідэнта.

Падзяліцца: