Мінск 10:58

Ціханоўская: Незалежнасць пачынаецца з простых рэчаў — магчымасці быць дома, размаўляць на сваёй мове, выбіраць уладу

Ілюстрацыйнае фота: Tim Mossholder / unsplash.com

3 ліпеня, Позірк. Дзень вызвалення Мінска ад нацысцкай акупацыі 3 ліпеня 1944 года, які ў сённяшняй Беларусі адзначаецца як Дзень незалежнасці, мае заставацца ў памяці беларусаў, бо нагадвае “страшную цану” міра, бяспекі і права народа жыць на сваёй зямлі, заявіла з нагоды гэтай даты беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Сёння асабліва важна задумацца: якой мы хочам бачыць Беларусь? — адзначыла яна ў сваёй прамове. — Для мяне гэта краіна, дзе чалавек не баіцца сказаць, што думае. Бацькі не чакаюць гадамі дзяцей з турмаў. Дзе можна спакойна гадаваць дзяцей, размаўляць на сваёй мове і планаваць будучыню, не думаючы, што тваю зямлю выкарыстаюць у чужой вайне. Дзе людзі не вымушаныя з’язджаць і потым баяцца вярнуцца дадому. Дзе не трэба выказваць сваё меркаванне за замкнутымі дзвярамі”.

“Але сёння ўсё інакш. І многія з вас адчуваюць гэта кожны дзень: боль ад разлукі, стому ад чакання, трывогу за родных. І да таго ж на нашай тэрыторыі размяшчаюць расійскую зброю і вайсковую інфраструктуру. Беларускія аэрадромы, дарогі і прадпрыемствы выкарыстоўваюцца ў інтарэсах Расіі. Кожны такі аб’ект робіць Беларусь менш бяспечнай — ставіць пад пагрозу і людзей у краіне, і нашых суседзяў”, — дадала палітык.

Ціханоўская падкрэсліла, што беларусы не падтрымліваюць вайну РФ супраць украінскага народа і “ніколі не давалі згоды” на тое, каб іх зямля “выкарыстоўвалася для нападаў на Украіну”, “адказнасць за гэта нясуць рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі і Расія”.

“Незалежнасць пачынаецца з простых рэчаў: магчымасці жыць дома і выхоўваць дзяцей, размаўляць на сваёй мове, выбіраць уладу і ведаць, што ніхто не распараджаецца тваёй краінай замест цябе, — заявіла дэмлідар. — Менавіта такой Беларусь і мае быць: без бясконцых рэпрэсій, без расійскай ваеннай прысутнасці і саўдзелу ў вайне. Беларусь, якая з’яўляецца бяспечным домам для свайго народа і самастойна вызначае сваю будучыню”.

“Я ведаю, што прыйдзе дзень, калі мы зможам назваць нашую краіну сапраўды незалежнай і свабоднай, прыйдзе неўзабаве. А слова “вызваленне” застанецца ў нашай памяці пра мінулае, а не будзе сучаснай патрэбай»”, — падсумавала Ціханоўская.

У 1991–1996 гадах Дзень незалежнасці Беларусі быў прымеркаваны да даты прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце — 27 ліпеня. У выніку ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндуму галоўнае дзяржаўнае свята перанеслі на 3 ліпеня — Дзень вызвалення Мінска ад гітлераўскай акупацыі ў 1944 годзе.

Падзяліцца: