Мінск 17:42

Трамп выказаў спадзеў на сустрэчу з Лукашэнкам — прэс-служба апошняга

Архіўныя відэа: WAAY 31 News і СТБ / стоп-кадры і калаж: "Позірк"

3 ліпеня, Позірк. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ад імя сваёй краіны павіншаваў беларусаў з Днём незалежнасці — адпаведны ліст паступіў на адрас Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе прэс-служба апошняга.

“Гэты дзень прысвечаны вызваленню Мінска ад нацысцкай акупацыі і назаўсёды застанецца напамінам пра барацьбу беларускага народа за свабоду. Вам і народу Беларусі я перадаю свае шчырыя зычэнні мірнага і квітнеючага года і спадзяюся на сустрэчу з Вамі ў будучым”, — прыводзіць згаданая крыніца тэкст віншавання, скіраваны амерыканскім лідарам.

Паводле інфармацыі амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі, народ Беларусі з Днём незалежнасці павіншаваў і дзяржаўны сакратар Марка Рубіё — таксама ад імя ЗША.

“Як і амерыканскі народ, які адзначае 250-ю гадавіну незалежнасці 4 ліпеня, 3 ліпеня беларусы ўшаноўваюць знамянальны дзень вызвалення — вызваленне Мінска ад нацысцкай акупацыі ў 1944 годзе. З гэтай нагоды выказваю шчырыя зычэнні мірнай і квітнеючай будучыні народу Беларусі”, — адзначыў ён.

Паводле інфармацыі прэс-службы Лукашэнкі, віншаванне паступіла яшчэ сама меней ад аднаго лідара краіны НАТО — прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Тайіпа Эрдагана. Палітык выказаў радасць ад “стабільнага развіцця турэцка-беларускіх стасункаў, заснаваных на ўзаемнай павазе, даверы і сяброўстве”.

“Веру, што існы канструктыўны дыялог і камунікацыі паміж нашымі краінамі спрыяюць міру і спакою ў нашым рэгіёне ў той перыяд, калі ён сутыкаецца з рознымі выклікамі, частка з якіх мае і глабальныя наступствы, — гаворыцца ў пасланні. — Мы гатовыя працаваць над далейшым паскарэннем ўсебаковай супрацы, якую нашыя краіны развілі ў многіх галінах і асабліва ў гандлёва-эканамічнай сферы. Карыстаючыся выпадкам, зычу Вашай Экселенцыі шчасця і моцнага здароўя, а дружалюбнаму народу Беларусі — міру, працвітання і дабрабыту”.

Мяркуючы з апублікаваных на гэты момант звестак, віншаванні з Днём незалежнасці паступілі ад лідараў трох дзясяткаў дзяржаў — ААЭ, Азербайджана, Алжыра, Амана, Бахрэйна, В’етнама, Егіпта, ЗША, Іарданіі, Ізраіля, Казахстана, Камбоджы, Кітая, КНДР, Кыргызстана, М’янмы, Манголіі, Марока, Нікарагуа, Пакістана, Палестыны, ПАР, Расіі, Саудаўскай Аравіі, Судана, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана ды Чада.

Акрамя таго, віншавальныя пасланні паступілі ад генеральных сакратароў міжнародных структур — Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, а таксама ад папы рымскага Льва XIV і патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

У Дзень незалежнасці Беларусі Пуцін заклікаў працягнуць умацаванне інстытутаў Саюзнай дзяржавы

3 ліпеня, Позірк. Дзень незалежнасці Беларусі "мае асаблівае значэнне не толькі для беларусаў, але і для расіян", бо звязаны са "слаўнай падзеяй <…> агульнай гісторыі — вызваленнем Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў", заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, віншуючы 3 ліпеня з …

Францыя і Германія заявілі пра прыхільнасць да незалежнасці і суверэнітэту Беларусі

3 ліпеня, Позірк. З Днём незалежнасці павіншавалі Беларусь і яе народ амбасады Францыі і Германіі. Сумесную заяву апублікавала на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" прадстаўніцтва ФРГ. У ёй адзначана, што "ў гэты дзень, 3 ліпеня 1944 года, Мінск быў вызвалены ад …
Падзяліцца: