Мінск 13:14

Беларусь працягне падтрымліваць Іран у абароне яго суверэнітэту і бяспекі грамадзян — Сергеенка

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка і кіраўнік Сходу ісламскага савета Махамад-Багер Галібаф
Фота: прэс-служба ПП НС

3 ліпеня, Позірк. Беларусь “працягне аказваць Ірану ўсебаковую падтрымку ў абароне суверэнітэту і бяспекі яго грамадзян”, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка на сустрэчы са старшынёй Сходу ісламскага савета Махамадам-Багерам Галібафам.

Перамовы з кіраўніком аднапалатнага іранскага парламента прайшлі 3 ліпеня ў Тэгеране ў рамках “працоўнага візіту” кіраўніка ніжняй палаты Нацыянальнага сходу Беларусі ў Іран на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле слоў Сергеенкі, якія прыводзіць прэс-служба Палаты прадстаўнікоў, Мінск мае намер “і надалей весці адкрыты і даверны дыялог” з Тэгеранам. Парламентарый, як адзначаецца, “пацвердзіў гатоўнасць рэалізаваць раней дасягнутыя дамоўленасці ў розных сферах”.

На сустрэчы было адзначана, што Іран — адзін са “стратэгічных гандлёва-эканамічных партнёраў” Беларусі, а “галоўным драйверам росту тавараабароту” лічыцца прамысловая кааперацыя.

Заяўлена, што на “розных этапах рэалізацыі” знаходзіцца шэраг сумесных праектаў, “назапашаны багаты досвед” падрыхтоўкі медыцынскіх і тэхнічных кадраў. Беларускі бок “заклікаў паскорыць падпісанне міжурадавага пагаднення аб узаемным прызнанні дыпломаў і дакументаў пра навучанне”.

Сергеенка запрасіў Галібафа наведаць Менск з афіцыйным візітам.

Прэс-служба ніжняй палаты беларускага парламента адзначыла, што на сустрэчах з прадстаўнікамі кіраўніцтва Ірана Сергеенка будзе абмяркоўваць пытанні “двухбаковага і міжнароднага парадку дня, умацавання міжпарламенцкіх сувязей, а таксама рэалізацыі сумесных эканамічных і гуманітарных праектаў”.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў возьме ўдзел у цырымоніі развітання з былым вярхоўным лідарам Ірана Алі Хаменеі (забіты 28 лютага 2026 года ў выніку аперацыі Ізраіля і ЗША супраць рэжыму аятолаў), якая пройдзе 3–9 ліпеня.

На перамовах з Галібафам беларускі госць заявіў, што смерць Хаменеі з’яўляецца “непапраўнай стратай не толькі для іранскага народа, але і для дружалюбных да Ірана краін, якія на працягу многіх дзесяцігоддзяў былі сведкамі яго дзяржаўнай дзейнасці, скіраванай на ўмацаванне суверэнітэту, незалежнасці і нацыянальнай годнасці сваёй краіны”.

“Беларусь і Іран на працягу многіх гадоў развівалі стасункі дружбы, узаемнай павагі і канструктыўнай супрацы. У развіццё гэтых стасункаў быў зроблены значны ўнёсак Алі Хаменеі, які будзе захоўваць сваё значэнне і ў будучыні”, — сказаў ён, зычыўшы “сіл, мудрасці, моцнага здароўя і даўгалецця” новаму вярхоўнаму лідару — Моджтабу Хаменеі, сыну забітага аяталы.

ЗША ўвялі санкцыі супраць кампаніі з Беларусі і яе супрацоўнікаў — за дапамогу Ірану ў набыцці ваеннай прадукцыі

9 траўня, Позірк. Кампанія з Беларусі і яе супрацоўнікі апынуліся ў ліку 10 юрыдычных і фізічных асоб, у дачыненні да якіх Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC) Міністэрства фінансаў ЗША 8 траўня ўвяло санкцыі за дапамогу "ваенным структурам Ірана …
Падзяліцца: