У М’янме да 1 лістапада мае быць адкрытая амбасада Беларусі

3 ліпеня, Позірк. Амбасада Беларусі ў М’янме мае быць адкрытая да 1 лістапада 2026 года, вынікае з пастановы Савета міністраў № 328 ад 29 чэрвеня.
Згодна з дакументам, апублікаваным 3 ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, Міністэрству фінансаў даручана прафінансаваць гэты крок “у рамках сродкаў, прадугледжаных Міністэрству замежных спраў у рэспубліканскім бюджэце на адкрыццё і ўтрыманне дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь за мяжою”.
Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і М’янмай усталяваныя 22 верасня 1999 года. Зараз за прадстаўленне інтарэсаў Мінска ў гэтай краіне адказвае амбасада ў В’етнаме.
Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня 2026 года наведаў М’янму з кароткім візітам (да таго — 27–28 лістапада 2025-га). Гэтая краіна стала чацвёртым пунктам прызначэння яго “працяглай камандзіроўкі” пасля Расіі, Кітая і Інданезіі.
На сустрэчы з прэзідэнтам гэтай дзяржавы Мін Аун Хлайнам беларускі палітык выступіў за актывізацыю двухбаковых стасункаў.
“Нам трэба паскарацца. Вы бачыце, што адбываецца ў свеце. Свет развіваецца вельмі бурліва, вельмі часта непрадказальна. Мы таксама гэта бачым. Гэтую непрадказальнасць у свеце мы павінны перасягнуць актыўнымі дзеяннямі”, — падкрэсліў Лукашэнка. Паводле яго слоў, неабходна “даць старт новай ступені развіцця стасункаў” паміж краінамі.
Госць павіншаваў Мін Аун Хлайна з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах: “Гэта здарылася. Вы перамаглі. Перамаглі безумоўна, безагаворачна. Я віншую вас з гэтай перамогай”.
Мін Аун Хлайн у сваю чаргу звярнуў увагу, што гэта ўжо пятая яго сустрэча з Лукашэнкам. Візіт палітыка ў М’янму “сведчыць пра дынамічнае развіццё ўзаемадзеяння дзвюх краін, высокі ўзровень існых беларуска-м’янманскіх стасункаў”.
Сёлета 18 чэрвеня Лукашэнка падпісаў закон аб ратыфікацыі міжурадавага пагаднення Беларусі і М’янмы аб супрацы і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах.
25 траўня Мінск наведаў міністр абароны М’янмы Тун Аунг.
3 красавіка Лукашэнка “ад імя суайчыннікаў і сябе асабіста” павіншаваў Мін Аун Хлайна з “абраннем на пасаду прэзідэнта” краіны.
У той дзень парламент М’янмы абраў ім лідара хунты, які ўзначаліў ваенны пераварот у 2021 годзе. У выніку перавароту быў зрынуты дэмакратычна абраны ўрад дзярждарадцы Аун Сан Су Чжы (лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру); яна і прэзідэнт Він М’ін былі арыштаваныя.
Пераварот выклікаў масавыя пратэсты, якія перараслі ў грамадзянскую вайну. Паводле ацэнак арганізацыі ACLED (Аrmed Conflict Location & Event Data), падчас поўнамаштабнай грамадзянскай вайны агульная колькасць загінулых магла перавысіць 90 тыс. чалавек на пачатак 2026 года.
Вынікі выбараў у М’янме не прызнаюцца апазіцыяй і дэмакратычнымі краінамі.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаНелегальныя мігранты 100 дзён запар спрабуюць трапіць з Беларусі ў ЛатвіюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ГрамадстваЗа перыяд анамальнай спякоты ў Беларусі абнавілася 147 тэмпературных рэкордаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка



