Мінск 15:43

З 20 верасня вырастуць тарыфы на праезд па платных дарогах

Крыніца: minskdeal.by

18 верасня, Позірк. Аб павелічэнні тарыфаў на праезд па платных аўтадарогах гаворыцца ў пастанове Міністэрства транспарту і камунікацый № 75 ад 6 верасня.

Дакумент апублікаваны 17 верасня на Нацыянальным прававым партале.

З пастановы вынікае, што тарыфы “за праезд транспартных сродкаў па разліковым сегменце платных аўтамабільных дарог” складуць: для аўтамабіляў з дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 т з двума восямі — 0,114 еўра за 1 км (цяпер 0,101 еўра), з трыма — 0,142 еўра (0,126), з чатырма і больш — 0,171 еўра (0,152).

Павысяцца тарыфы і за час карыстання платнымі аўтамабільнымі дарогамі: 15 каляндарных дзён — 20 еўра (18), 30 каляндарных дзён — 31 еўра (28), 1 каляндарны год — 107 еўра (96).

Пастанова ўступае ў сілу з 20 верасня.

У Беларусі функцыянуе нацыянальная электронная сістэма спагнання платы за праезд па платных дарогах BelToll (уведзена ў эксплуатацыю з 1 жніўня 2013 года).

Сістэма дзейнічае на пэўных дарогах агульнай працягласцю 1.786,098 км. У іх пералік уваходзяць аўтадарога M-1/E30 Брэст (Казловічы) — Мінск — мяжа РФ (Рэдзькі) на ўсім працягу, аўтадарога М-2 Мінск — Нацыянальны аэрапорт Мінск, а таксама ўчасткі аўтадарог М-3 Мінск — Віцебск, М-4 Мінск — Магілёў, М-5/Е271 Мінск — Гомель і М-6/Е28 Мінск — Гродна — мяжа Польшчы (Брузгі), M-7/E28 Мінск — Ашмяны — мяжа Літвы (Каменны Лог), P-1 Мінск — Дзяржынск, Р-21 Віцебск — мяжа РФ (Лёзна), Р-23 Мінск — Мікашэвічы, Р-28 Мінск — Маладзечна — Нарач, Р-99 Баранавічы — Ваўкавыск — Пагранічны — Гродна, пад’езд да мяжы Польшчы (Бераставіца) (ад аўтамабільнай дарогі Р-99 Баранавічы — Ваўкавыск — Пагранічны — Гродна).

Падзяліцца: