Мінск 19:17

З канца жніўня надзвычайная пажарная небяспека ў Гомельскай вобласці аб’яўленая 14-ы раз

Крыніца: МНС

25 верасня, Позірк. Надзвычайная пажарная небяспека (чырвоны ўзровень) у Гомельскай і Магілёўскай абласцях падоўжаная на 26-27 верасня, паведамляе прэс-служба МНС.

“Прагназуемымі наступствамі” ведамства называе верагоднае “ўзнікненне пажараў у прыродных экасістэмах”.

МНС рэкамендуе грамадзянам не наведваць лясы, не разводзіць у іх вогнішчы, не кідаць у лясных масівах непатушаныя цыгарэты і інш.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам паведамленняў Белгідрамета, які з’яўляецца першакрыніцай такіх папярэджанняў, з 31 жніўня надзвычайная пажарная небяспека ў Гомельскай вобласці аб’яўлена 14-ы раз. Для Магілёўскай вобласці выпушчана 12 папярэджанняў (з 7 верасня). Яшчэ тры вераснёўскія папярэджанні тычыліся Брэсцкай (на 11–12-е) і Віцебскай (на 23–25-е і асобна на 25-е) абласцей.

Надзвычайная пажарная небяспека — умовы надвор’я, пры якіх вялікая верагоднасць узгаранняў лясоў, травы, тарфянікаў.

З пачатку 2024 года ў лясным фондзе Беларусі ліквідавана 386 пажараў, паведамляла 22 верасня прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі.

За мінулыя суткі ліквідавана сем лясных пажараў на агульнай плошчы 6,3 га — па адным у Гомельскай і Мінскай абласцях, два — у Гродзенскай, тры — у Магілёўскай.

Падзяліцца: