Мінск 22:09

Літоўскія памежнікі перахопліваюць 12% метэазондаў з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі

Фота: САДМ

6 кастрычніка, Позірк. З пачатку года ў Літву з Беларусі заляцела больш за 600 паветраных шароў (метэазондаў) з кантрабанднымі цыгарэтамі, паведаміў агенцтву BNS прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Гедрус Мішуціс.

Паводле яго слоў, памежнікамі было перахоплена больш за 70 шароў (каля 11,6%).

“Гэта не азначае, што ўсе неперахопленыя паветраныя шары трапляюць да кантрабандыстаў. <…> Некаторыя з іх выбухаюць, падаюць”, — сказаў ён.

30 верасня паведамлялася, што САДМ ініцыюе папраўкі ў заканадаўства, каб атрымаць права ўжываць агнястрэльную зброю супраць невядомых аб’ектаў, якія залятаюць на тэрыторыю краіны па паветры. З адпаведнай просьбай у МУС звярнуўся начальнік пагранслужбы Рустам Любаеў.

Паводле яго слоў, цяпер такога права ў памежслужбы няма, а колькасць залятаючых з тэрыторыі Беларусі аб’ектаў павялічылася са 117 у жніўні да 250 у верасні. Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб паветраных шарах, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды цыгарэт.

Як паведаміў Любаеў, паветраныя шары (метэазонды) хутка дасягаюць вышыні ў 2–5 км, і ў сённяшніх умовах літоўскія памежнікі не валодаюць сродкамі для барацьбы з імі. Больш за тое, дадаў кіраўнік САДМ, пры перасячэнні мяжы такія аб’екты візуальна не бачныя.

Ён звярнуў увагу на інцыдэнт 28 верасня, калі на тэрыторыю аэрапорта ў Вільнюсе а 23:45 упаў “невялікі некіравальны паветраны шар”, які пераносіў кантрабандныя беларускія цыгарэты. Скрынка “была абцягнутая чорнай плёнкай, скрозь шчыліны якой віднеліся пачкі цыгарэт “Мінск”, паведамлялася напярэдадні.

Дэпутат Сейма Літвы Дайнюс Гайжаўскас тады паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”, што метэазонд пераносіў груз вагой 20 кг.

“Метэаралагічныя шары не навінка. Аказваецца, з Беларусі ў Літву ўжо год лётаюць сотні паветраных шароў, якія пераносяць грузы. Сёння нам вядома, што паветраныя шары выкарыстоўваюцца для кантрабанды. На паветраным шары можна перавезці каля 1.000 пачкаў цыгарэт”, — заявіў парламентарый.

Падзяліцца: