Мінск 14:34

Золатавалютныя рэзервы Беларусі за верасень выраслі на 1,85% — да 8,8 млрд долараў

Крыніца: pixabay.com

7 кастрычніка, Позірк. Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі (ЗВР) на 1 кастрычніка склалі 8 млрд 858,3 млн долараў, павялічыўшыся за месяц на 161,2 млн (+1,85%), вынікае з папярэдніх даных Нацыянальнага банка.

Паводле даных рэгулятара, аб’ём ЗВР у манетарным золаце вырас на 203,5 млн долараў (4 млрд 567,4 млн), кошт рэзерваў па спецыяльных правах запазычання (СДР) — на 9,8 млн (1 млрд 399,2 млн).

Рэзервовыя актывы ў замежнай валюце зменшыліся на 52,1 млн долараў (2 млрд 891,6 млн).

Рэзервовая пазіцыя ў МВФ і іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

У студзені золатавалютныя рэзервы скараціліся на 33,9 млн долараў (-0,4%), у лютым выраслі на 125,1 млн (+1,5%), у сакавіку — на 133,9 млн (+1,6%) , у красавіку — на 89 млн (+1,1%), у траўні зменшыліся на 30,1 млн (-0,4%), у чэрвені — на 52,9 млн (-0,6%), у ліпені павялічыліся на 173,5 млн (+2,08%), у жніўні на 165,1 млн (+1,94%).

Згодна з найважнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, міжнародныя рэзервовыя актывы на канец года павінны скласці не менш як 6 млрд долараў, на канец 2025-га — не менш як 7,1 млрд.

Падзяліцца: