Мінск 15:11

КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” ініцыятыву “Актыўным быць файна” (дапоўнена)

Крыніца: старонка ініцыятывы "Актыўным быць файна" ў "Фэйсбуку"

дапоўнены абзац 5, дададзеныя абзацы 8–10

11 кастрычніка, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі 8 кастрычніка прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” ініцыятыву “Актыўным быць файна”, вынікае з абноўленага адпаведнага пераліку на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.

Цяпер у пераліку 267 пазіцый.

Да “фарміравання” прылічаная “група грамадзян з ліку ініцыятывы “Актыўным быць файна” з галаўным офісам у Літве і прадстаўніцтвамі ў Польшчы, Украіне, Грузіі і Швецыі”.

Датычнай да праекта названая палітычная і грамадзянская актывістка, феміністка Юлія Міцкевіч.

У спісе МУС пералічваецца шэраг старонак у сацсетках і сайт ініцыятывы, якія ў большасці сваёй не функцыянуюць. У тэлеграм-канале ініцыятывы 785 падпісчыкаў, на старонцы ў “Фэйсбуку” — 3.100.

Інтэрнэт-рэсурсы “Актыўным быць файна” таксама ўнесеныя ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў” на сайце Міністэрства інфармацыі.

Ініцыятыва “Актыўным быць файна” створана ў 2015 годзе як “беларуска-шведскі праект па папулярызацыі методыкі шведскіх (вучэбных) гурткоў”.

У каментарыі “Позірку” Міцкевіч адзначыла, што ў дзейнасці арганізацыі кардынальна нічога не зменіцца, бо ініцыятыва практычна не працуе ў Беларусі пасля юрыдычнай ліквідацыі ўладамі ў 2021 годзе. Часова непрацуючы сайт abfby.org неўзабаве пачне функцыянаваць.

“Мы кіруемся распрацаванымі ў нашай арганізацыі пратаколамі бяспекі. Мы спрабуем іх выконваць і максімальна забяспечваць нашу падтрымку і салідарнасць усім, хто можа апынуцца ва ўразлівым становішчы праз сітуацыю, якая адбылася”, — сказала суразмоўніца.

Міцкевіч папрасіла ўсіх, хто застаецца ў Беларусі ці ездзіць туды, захоўваць лічбавую бяспеку.

Падзяліцца: