Мінск 10:35

Работы па адмене роўмінгу паміж Беларуссю і РФ завершацца да канца года — Мезенцаў

Скрыншот: тэлеграм-канал "Пул Першага"

16 кастрычніка, Позірк. Прыблізныя тэрміны “завяршэння работ па адмене роўмінгу” паміж Беларуссю і РФ — “да канца года”, заявіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы (СД) Дзмітрый Мезенцаў расійскаму агенцтву РІА “Навіны”.

Паводле яго слоў, “ужо тое, што зроблена, — вельмі сур’ёзны вынік”.

“Цяпер перамовы ідуць перш за ўсё з нагоды інтэрнэт-кантэнту і вызначэння тых параметраў, якія будуць камфортныя для карыстальнікаў”, — заявіў чыноўнік.

Кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Круты 27 верасня заявіў, што на маючым адбыцца ў канцы года пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета СД працэс адмены роўмінгу можа быць запушчаны.

Сітуацыю з роўмінгам ён назваў “тэмай, якая перацякае з пасяджэння ў пасяджэнне”.

“Тым не менш дасягнутая прынцыповая дамоўленасць, што лідары нашых краін [Лукашэнка і Уладзімір Пуцін] на юбілейным пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета дадуць старт гэтаму праекту. Можа быць, у пілотным рэжыме, можа, у паўнавартасным рэжыме мы ўжо запусцім яго. Гэта дакладна, гэта безапеляцыйна, практычна 100%”, — сказаў Круты.

Рэзалюцыя Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы аб адмене роўмінгу была прынятая 30 чэрвеня 2017 года. З тых часоў прадстаўнікі абедзвюх дзяржаў рэгулярна заяўляюць аб непазбежнай рэалізацыі праекта, але гэтага не адбылося дагэтуль.

У мінулым годзе расійскі бок паведамляў пра намер краін адмяніць роўмінг з 1 красавіка, але ў той дзень была адмененая толькі аплата ўваходных званкоў.

Аб планаванай адмене роўмінгу на тэрыторыі СД заявіў Пуцін 24 траўня гэтага года пасля перамоваў у Мінску з Лукашэнкам.

28 чэрвеня віцэ-прэм’ер урада РФ Дзмітрый Чарнышэнка заявіў, што роўмінг паміж РФ і Беларуссю будзе адменены да канца года.

5 жніўня скасаванне роўмінгу абмяркоўвалася на сустрэчы амбасадара Беларусі ў РФ Аляксандра Рагожніка і дзяржсакратара СД, былога амбасадара РФ у Мінску Дзмітрыя Мезенцава.

Падзяліцца: