Мінск 21:19

Памежны камітэт зноў заднім днём змяніў звесткі аб колькасці ўкраінцаў, якія ўехалі ў Беларусь

18 кастрычніка, Позірк. За мінулы тыдзень (з 6:00 11 кастрычніка да 6:00 18 кастрычніка) у Беларусь заехала 2.621 грамадзянін Украіны, вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта (ДПК).

Непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу за гэты перыяд прайшоў 1 чалавек (тыднем раней ніхто), транзітам праз Польшчу — 2.128, Літву — 451, Латвію — 41.

З пачатку года ў Беларусь заехала 109.601 грамадзянін Украіны: з тэрыторыі Украіны — 49, транзітам праз Польшчу — 87.202, праз Літву — 20.732, праз Латвію — 1.618.

Пры гэтым ДПК зноў выправіў свае ранейшыя звесткі заднім днём. Паводле першапачатковай інфармацыі на 11 кастрычніка, агулам з 24 лютага 2022 года, калі Расія поўнамаштабна ўварвалася ва Украіну, у Беларусь прыбыла 253.491 чалавек, згодна са скарэктаванай — 253.472. З ранейшага паведамлення ДПК вынікала, што за тыдзень з 4 да 11 кастрычніка ў Беларусь уехала 2.564 грамадзяніна Украіны, паводле змененых звестак — 2.545.

ДПК ўжо некалькі тыдняў мяняе статыстыку заднім днём. 4 кастрычніка ведамства сцвярджала, што за тыдзень праз мяжу з Літвой у Беларусь уехала больш за 7 тыс. украінцаў. Пазней даныя былі змененыя.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” сёлета ў лютым амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначыў, што ў адкрытых крыніцах звестак аб колькасці ўкраінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыць ён.

“Насамрэч гаворка ідзе не пра транзітных уцекачоў ці людзей, якія заехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулак. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян”, — адзначыў Кізім.

Паводле звестак ААН на 15 кастрычніка, у свеце было зафіксавана 6,75 млн украінскіх уцекачоў, з іх 6,191 млн — у Еўропе.

Падзяліцца: