Мінск 00:37

Следчы камітэт абвінаваціў Польшчу ў “пакаранні смерцю” 241 нелегальнага мігранта

Фота: "Позірк"

30 кастрычніка, Позірк. Супрацоўнікі сілавых ведамстваў Польшчы “пакаралі смерцю” не менш за 241 нелегальнага мігранта, заявіў 30 кастрычніка на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення па расследаванні злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарата СК Аляксандр Рудзько.

“Падчас расследавання крымінальнай справы неаднаразова дапытаны ў якасці сведкі вайсковец Узброеных сіл Рэспублікі Польшча Эміль Чэчка, які перайшоў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, — цытуе Рудзько прэс-служба ведамства. — Паводле яго слоў, з 8 да 19 чэрвеня 2021 года ён асабіста браў удзел і з’яўляўся відавочцам масавага сістэматычнага ажыццяўлення пакаранняў смерцю без суда ў дачыненні да 241 чалавека. Сярод забітых — жанчыны і дзеці”.

Паводле сцвярджэння прадстаўніка СК, з удзелам Чэчкі былі складзеныя фотаробаты польскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў “пакараннях смерцю”. “Расстрэлы ажыццяўляліся з ужываннем службовай табельнай зброі — аўтамата Beryl (MZ 06244) 5,56 мм НАТО. Кіраваў пакараннямі польскі памежнік, які прадстаўляўся Томекам. Са слоў Чэчкі, названы чалавек з’яўляўся супрацоўнікам контрвыведкі Рэспублікі Польшча”, — сказаў Рудзько.

Іншых доказаў “пакаранняў смерцю”, акрамя слоў нябожчыка Чэчкі, ён не прывёў.

29 кастрычніка Дзяржаўны памежны камітэт паведамляў, што “журналісты беларускіх, расійскіх і саюзных сродкаў масавай інфармацыі” ў рамках “арганізаванага Нацыянальным прэс-цэнтрам сумесна з Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам прэс-тура” наведалі “ўчастак беларуска-польскай мяжы”.

Тут, як заяўлялася, яны змаглі ўбачыць “польскія інжынерныя загароды і так званую брамку для жывёл, праз якую польскія сілавікі рэгулярна выкідваюць на беларускую тэрыторыю ўжо збітых уцекачоў”.

Аб чарговым падобным факце 29 кастрычніка паведаміў СК, сцвярджаючы, што паблізу польскай мяжы беларускія памежнікі выявілі 15 “знясіленых і збітых” мігрантаў з Алжыра, Сірыі і Самалі.

30 кастрычніка ўдзельнікі прэс-тура наведалі Гродзенскую ўніверсітэцкую клініку. Паводле слоў яе галоўнага ўрача Сяргея Лазарэвіча, лячэнне тут праходзіць “у тым ліку і такая катэгорыя, як уцекачы”.

“Гэта пацыенты з рознымі траўмамі: ударамі мяккіх тканін, тупымі траўмамі жывата, траўмамі вачэй, адкрытымі і закрытымі чэрапна-мазгавымі траўмамі, апёкамі, пераахаладжэннямі. Таксама гэта розныя тэрапеўтычныя паталогіі, у асноўным пнеўманія. У розныя месяцы паступае розная колькасць пацыентаў. Бывае ад пяці да 15, бывала і 17 чалавек. У асноўным паступаюць мужчыны. Дапамогу збітым уцекачам аказваем бясплатна”, — сцвярджае медык.

З 2021 года на мяжы з Еўрасаюзам беларускія памежнікі выявілі 59 загінулых уцекачоў, заявіў 30 кастрычніка на прэс-канферэнцыі афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі. Паводле яго слоў, больш за ўсё трупаў было выяўлена на ўчастку з Польшчай — 27. З Латвіяй — 23 чалавекі, з Літвой — дзевяць.

“Прадстаўнікі Дзяржпагранкамітэта прымаюць абяздоленых, нелегальных мігрантаў, якім ужо няма куды дзявацца, — паведаміў на мерапрыемстве начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун. — Органы ўнутраных спраў прымаюць усе хадайніцтвы аб наданні статусу ўцекача, што з’яўляецца патрабаваннем міжнароднага права. Кожны з іх дапускаецца да гэтай працэдуры. Кожнае хадайніцтва разглядаецца ва ўстаноўленым парадку і прымаецца адпаведнае законнае рашэнне. Толькі сёлета мы разгледзелі больш за 125 хадайніцтваў ад замежных грамадзян аб прадастаўленні такога статусу”.

2 кастрычніка арганізацыя былых беларускіх сілавікоў ByPol паведаміла, што “спецслужбы Лукашэнкі рыхтуюць чарговую буйную правакацыю на мяжы з Польшчай”.

Паводле звестак крыніцы арганізацыі, у раёне адказнасці Смаргонскай памежнай групы, “ужо амаль тыдзень ідзе планамерная канцэнтрацыя мігрантаў з Блізкага Усходу і Азіі”.

17 снежня 2021 года Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што польскі вайсковец Эміль Чэчка (11-ы Мазурскі артылерыйскі полк 16-й Паморскай механізаванай дывізіі) папрасіў палітычнага прытулку ў краіне, паколькі “не згодны з палітыкай Польшчы адносна міграцыйнага крызісу і практыкай негуманнага абыходжання з мігрантамі”. Ён заяўляў пра нібыта масавыя расстрэлы мігрантаў сваімі калегамі.

Беластоцкая акруговая пракуратура выдала ордэр на арышт Чэчкі, яму пагражала да 10 гадоў пазбаўлення волі.

17 сакавіка 2022 года мужчына быў знойдзены павешаным у мінскай кватэры. Яго пахавалі ў Беларусі.

Лукашэнка 9 траўня 2024 года заявіў, што дэзерціра забілі польскія спецслужбы. Да гэтага сцвярджэння Мінск не каментаваў характар яго смерці.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Беларускія ўлады рэгулярна паведамляюць пра пакуты, фізічныя траўмы і гібель замежнікаў на мяжы з краінамі ЕС, нязменна ўскладаючы адказнасць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі. Пры гэтым беларускі бок не паведамляе, як мігранты аказваюцца на мяжы з краінамі ЕС у зоне адказнасці пагранічнага ведамства Беларусі.

27 кастрычніка 2023 года, каментуючы патокі нелегальнай міграцыі з Беларусі ў краіны Еўрасаюза, Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Мы не адстойнік, мы нікога тут лавіць не будзем. Тым больш вы (краіны Захаду. — “Позірк”.) іх паклікалі. Хай ідуць”.

Частковае прыпыненне права на прытулак у сувязі з крызісам на мяжы прапанаванае новай міграцыйнай стратэгіяй Польшчы, прынятай 15 кастрычніка.

Падзяліцца: