Мінск 11:42

Латушка падзякаваў варшаўскім заўзятарам за крытыку Лукашэнкі падчас матчу “Легіі” і мінскага “Дынама”

Крыніца: "Трыбуна"

8 лістапада, Позірк. Варшаўскіх футбольных заўзятараў падзякаваў у відэазвароце намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

Палітык наведаў 7 лістапада ў Варшаве матч Лігі канферэнцый УЕФА, у якім “Легія” разграміла мінскае “Дынама” з лікам 4:0.

“Дзякуй польскім заўзятарам за тыя словы, якія напісаны на банэрах у дачыненні да [Аляксандра] Лукашэнкі. Гэта іншага характару лексіка, я не буду паўтараць. Але таму Лукашэнка і забараніў гэтую трансляцыю”, — сказаў Латушка.

Ён таксама падзякаваў заўзятарам за тое, што яны “заклікаюць памятаць пра беларускіх палітвязняў”. “Мы ведаем і памятаем, што дзясяткі беларускіх спартоўцаў, спартовых супрацоўнікаў сёння знаходзяцца ў турмах рэжыму Лукашэнкі. І мы будзе весці барацьбу за кожнага”, — падкрэсліў намеснік кіраўніка АПК.

“Я прыйшоў на гэты матч не для таго, каб заўзець за мінскае “Дынама”. А каб сказаць Лукашэнку: мы не здаемся, мы будзем працягваць барацьбу. Ты баішся нас. Баішся беларусаў нават тут, у Варшаве. Ты адмяніў трансляцыю гэтага матчу. Ты баішся бел-чырвона-белых сцягоў. Але мы прыйшлі і кажам: мы супраць цябе”, — адзначыў Латушка.

Паводле яго слоў, на прэзідэнцкіх выбарах 26 студзеня “абсалютная большасць” беларусаў не прагаласуе за Лукашэнку.

“Цябе ненавідзяць беларусы за той тэрор, які ты стварыў у нашай краіне”, — заявіў палітык.

Крыніца: "Трыбуна"

Падчас матчу як польскія, так і беларускія заўзятары крытыкавалі ўлады Беларусі: скандавалі заявы — часам нецэнзурныя — на адрас рэжыму Лукашэнкі, вывешвалі на трыбунах плакаты з адпаведнымі надпісамі. Таксама заўзятары патрабавалі вызвалення палітвязняў, падтрымалі ваюючых ва Украіне добраахвотнікаў, у тым ліку загінулых, а таксама палітвязня, футбольнага фаната Сяргея Пацукевіча (асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі за “масавыя беспарадкі” паводле арт. 293 КК).

Акрамя гэтага, заўзятары вывесілі на трыбуне банер, які адсылае да шматлікіх фактаў знішчэння і апаганьвання польскіх пахаванняў у Беларусі: “Смерць Лукашэнку і яго паслугачам за знішчэнне магіл польскіх герояў”.

У скандаваннях і плакатах згадваліся таксама “ланцужныя псы рэжыму” МУС, КДБ і ГУБАЗіК.

На стадыёне было шмат беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Матч планаваўся да паказу ў Беларусі на тэлеканале СТБ, аднак затым трансляцыя была адмененая.

Пасля трох матчаў групавой стадыі Лігі канферэнцый мінскае “Дынама” не мае набраных ачкоў. Раней беларускі клуб прайграў шатландскаму “Хартсу” (1:2) і фінскаму ХІКу (0:1).

Падзяліцца: