Мінск 15:23

Мытня выявіла ў перавозчыка з Казахстана тавары на 3,3 млн рублёў — яны ўвозіліся пад іншымі найменнямі

9 кастрычніка, Позірк. Аб выяўленні больш за 360 тыс. адзінак тавараў, якія пры ўвозе ў Беларусь былі задэклараваныя пад іншымі найменнямі з мэтай заніжэння мытных плацяжоў, паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Адзначаецца, што грузавік казахстанскага перавозчыка з 20,5 тоны зборнага грузу прыбыў з Казахстана для афармлення на мытны пост “Мінск-ТЛЦ-2”.

“У дакладнасці заяўленых звестак мытнікі ўсумніліся, прааналізаваўшы выяву, атрыманую пры сканаванні змесціва з ужываннем інспекцыйна-надгляднага комплексу”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пры наступным даглядзе ўстаноўлена, што больш за палову тавараў было пазначана пад іншымі найменнямі, адзначае ДМК, сярод іх — адзенне, абутак, аўтазапчасткі, электраабсталяванне, кухонныя прыналежнасці.

Паводле звестак мытні, кошт тавараў склаў больш за 3,3 млн рублёў. Сцвярджаецца, што заява недакладных звестак дазволіла б перавозчыку зэканоміць на мытных плацяжах звыш 220 тыс. рублёў.

У дачыненні да перавозчыка распачаты адміністрацыйны працэс паводле ч. 1 арт. 15.5 КаАП (недэклараванне альбо прадстаўленне недакладных звестак аб таварах). Артыкул прадугледжвае штраф у памеры 30% кошту прадмета правапарушэння.

Падзяліцца: