Мінск 12:23

У дэмакратычнай Беларусі не мае быць практыкі смяротнага пакарання — Марозаў

Леанід Марозаў
Архіўнае фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

10 кастрычніка, Позірк. “Самае страшнае ў смяротным пакаранні — пасля яго выканання чалавек больш не мае шанцу даказаць сваю невінаватасць”, — заявіў дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў 10 кастрычніка, у Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання.

“Памылку суда можна выправіць, пакуль чалавек жывы, — цытуе эксперта прэс-служба беларускага дэмакратычнага лідара. — Смяротны вырак ператварае судовую памылку ў забойства, якое ўжо немагчыма выправіць”.

Марозаў адзначыў, што ў Беларусі яму даводзілася прысутнічаць у судзе, калі людзям выносіўся смяротны вырак. Тым, хто “разважае пра смяротнае пакаранне як пра “справядлівае пакаранне”, на думку дарадцы Ціханоўскай, “варта было б хаця б раз апынуцца ў такой залі суда”, “пабачыць чалавека, якому дзяржава абвяшчае, што яна яго заб’е, пабачыць яго блізкіх — і пасля гэтага адказаць сабе на пытанне, ці сапраўды гэта правасуддзе”.

“Мы не кажам, што за цяжкія злачынствы не мае быць цяжкага пакарання. Мае, — заявіў ён. — Але пажыццёвае зняволенне — гэта пакаранне. Смяротнае пакаранне — гэта пазбаўленне дзяржавай чалавечага жыцця. Для сучаснай дэмакратычнай Беларусі такой практыкі не мае быць”.

“А ў сённяшняй Беларусі гэта асабліва небяспечна: калі суды выкарыстоўваюцца для палітычных рэпрэсій, а абвінавачанні ў тэрарызме і злачынствах супраць дзяржавы — супраць палітычных апанентаў, нельга пакідаць такой сістэме яшчэ і права на незваротную памылку”, — падкрэсліў Марозаў.

8 кастрычніка рэзалюцыю “Аб безумоўнай і неадкладнай адмене смяротнага пакарання ў Беларусі” прыняла Каардынацыйная рада 4-га склікання.

У дакуменце адзначаецца, што смяротнае пакаранне парушае права на жыццё і “прынцып недатыкальнасці чалавечай годнасці”, а таксама робіць наступствы судовай памылкі “фатальнымі і незваротнымі”.

Асобна ў рэзалюцыі звяртаецца ўвага на змены беларускага заканадаўства ў 2022 і 2023 гадах, якія пашырылі сферу прымянення смяротнага пакарання. Гаворка пра злачынствы, звязаныя з “замахам на здзяйсненне акта тэрарызму” і “дзяржаўнай здрадай”.

“Ва ўмовах татальнага палітычна матываванага пераследу і поўнага знішчэння незалежнага суда гэтыя нормы могуць быць выкарыстаныя супраць палітычных апанентаў рэжыму”, — адзначаецца ў дакуменце.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе дагэтуль выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне.

Жыхар Слуцка Таратута пакараны смерцю два гады таму за забойства трохгадовага сына — праваабаронца Палуда

7 кастрычніка, Позірк. Жыхар Слуцка (Мінская вобласць) Аляксандр Таратута пакараны смерцю 9 кастрычніка 2024 года, паведаміў падчас слуханняў у Каардынацыйнай радзе каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда. Слуханні прайшлі ў анлайн-фармаце 6 кастрычніка, яны былі прысвечаныя …
Падзяліцца: