Мінск 13:52

“Гродна Азот” спыніў працу двух цэхаў — паведамляецца пра “планавы рамонт”

9 кастрычніка, Позірк. Аб спыненні працы цэхаў аміяк-4 і карбамід-4 паведаміла 9 кастрычніка адміністрацыя ААТ “Гродна Азот”.

На прадпрыемстве сцвярджаюць, што гэта зроблена “для правядзення планавага прыпыначнага рамонту абсталявання і рэканструкцыі”.

“Пры правядзенні прыпынення цэха аміяк-4 з мэтай утылізацыі гаручых рэчываў, якія ўваходзяць у склад тэхналагічнага газу, рэгламентам прадугледжана яго спальванне на факельнай устаноўцы, — гаворыцца ў паведамленні. — Пасля вызвалення ўсіх стадый вытворчасці ад гаручых газаў іх спальванне на факельнай устаноўцы спыняецца”.

Адміністрацыя таксама заявіла, што “пагрозы гораду, экалогіі, жыхарам і работнікам прадпрыемства няма”.

Заводскае выданне “Гродзенскі хімік” рэгулярна паведамляе аб падобных работах на прадпрыемстве са спальваннем утылізацыйных рэчываў у факельнай устаноўцы. У гэты час над заводам можна бачыць адкрытае полымя.

20 красавіка гэтага года, у прыватнасці, паведамлялася пра “пазапланавае прыпыненне цэха аміяк-3 з прыпыненнем узаемазлучанага з ім па сыравіне цэха карбамід-3″.

Тады прадпрыемства таксама адзначала, што “з мэтай утылізацыі гаручых рэчываў, якія ўваходзяць у склад тэхналагічнага газу, рэгламентам прадугледжана яго кароткачасовае спальванне на факельнай устаноўцы”. Заяўлялася, што “падстаў і падставы для занепакоенасці ў жыхароў горада, а таксама пагрозы экалогіі няма”.

Падзяліцца: