Мінпрацы пашырае спіс рабочых прафесій, але скарачае пералік пасад службоўцаў для спрошчанага найму замежнікаў

10 кастрычніка, Позірк. Міністэрства працы і сацабароны абнавіла на 2027 год спіс рабочых прафесій і пералік пасад службоўцаў, на якія “прыцягваюцца замежныя грамадзяне ці асобы без грамадзянства, якія не маюць дазволу на сталае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь, без уліку абмежаванняў па абароне нацыянальнага рынку працы”.
Як і сёлета, налета можна будзе наймаць замежнікаў паводле спрошчанай схемы на рабочыя пазіцыі — кіроўцы аўтамабіля; трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці; бетоншчыка; муляра; маляра; тынкоўшчыка; токара; фрэзероўшчыка; чатырох тыпаў слесараў — рамонтніка, сантэхніка, механазборачных работ, па рамонце аўтамабіляў; цесляра; кухара; агароднінавода; жывёлавода; швачкі; электрагазазваршчыка; электраманцёра па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання; рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў; машыніста адціскнога абсталявання (у ранейшым пераліку ўдакладнялася, што гаворка пра гарбарную і гарбарна-сыравінную вытворчасць); мяздрыльшчыка; абразальніка матэрыялаў; аператара машыннага даення; прэсоўшчыка скур; прадаўца; расцягвальніка скур і аўчын на рамы; санітара.
Да гэтага пераліку з 2027 года дадаюцца прафесіі кіроўцы пагрузчыка, трактарыста, а таксама аператара птушкафабрык і механізаваных ферм. У той жа час з яго выключаецца прафесія манцёра шляхоў.
Такім чынам, спіс рабочых прафесій павялічваецца з 29 да 31 пазіцыі.
У пераліку пасад службоўцаў застануцца аграном; заатэхнік; тэхнік; электрамеханік; інжынер; шэсць тыпаў профільных інжынераў — канструктар, механік, праграміст, тэхнолаг, электронік, энергетык; ветэрынарны ўрач; ветэрынарны фельчар; урач-спецыяліст (усіх найменняў і профіляў медыцынскіх спецыяльнасцей); медыцынская сястра (медбрат); памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе.
Разам з тым з яго выключаюцца пасады акушэра і фельчара. У выніку спіс скарачаецца з 18 да 16 пазіцый.
Згодна з дзейным заканадаўствам, пры найме замежніка на працу па прафесіі або пасадзе з гэтага пераліку наймальніку не трэба атрымліваць адмысловы дазвол — дастаткова паведаміць падраздзяленню па грамадзянстве і міграцыі пра заключэнне працоўнага дагавора.
Паводле звестак Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінула Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называла меншую лічбу — 100 тыс. У дакладзе Групы незалежных экспертаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі за 2025 год гаварылася, што з краіны за гэты час магло з’ехаць да 600 тыс. грамадзян.
У траўні 2024 года намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч выказала меркаванне, што на фоне дэфіцыту кадраў у Беларусі на першым месцы паводле актуальнасці мае стаяць “задача не прыцягнення новых працоўных рэсурсаў здалёк”, а ўтрыманне сваіх кадраў, а яшчэ лепш — “вяртанне суайчыннікаў, якія мігравалі”.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка, ЭканомікаДзяржслужба занятасці перастала публікаваць звесткі аб колькасці вакансій для замежнікаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАктыўнасць мігрантаў на мяжы Беларусі і ЕС на пачатку кастрычніка крыху вышэйшая, чым на пачатку верасня — аналізМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка



