Мінск 00:06

8 кастрычніка ў Беларусі перакрыта дзесяць тэмпературных рэкордаў, у тым ліку 60-гадовай даўніны

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 9 кастрычніка 2026 года ў 15:00

9 кастрычніка, Позірк. Дзесяць тэмпературных рэкордаў зафіксавана на беларускіх метэастанцыях днём 8 кастрычніка, сведчыць праведзены “Позіркам“ параўнальны аналіз аператыўных і даступных архіўных даных Белгідрамета (па 48 метэастанцыях).

Найцяплей было ў Пінску, дзе паветра прагрэлася да 24,4 градуса. Тут перапісаны рэкорд дня, які трымаўся з 1966 года (23,6).

Максімумы 35-гадовай даўніны перакрытыя ў Гомелі (21,5 супраць 20,9), Клічаве (21,7 супраць 21,2) і Стоўбцах (20,9 супраць 20,6).

Абнавіліся рэкорды (усе ранейшыя адносяцца да 2009 года) таксама ў Акцябрскім (23,5 супраць 23,3), Мазыры (23,4 супраць 23), Высокім (22,7 супраць 22), Бабруйску (22 супраць 21,8), Жлобіне (22,2 супраць 21,6).

Яшчэ адзін экстрэмум дня перапісаны ў Нарачы (19 градусаў супраць 17,7 у 2000 годзе).

Абсалютнаму максімуму дня споўнілася 97 гадоў (25,2 градуса ў Мар’інай Горцы ў 1929 годзе).

6 кастрычніка тэмпературны рэкорд быў адзначаны ў Мсціславе, дзе архіву назіранняў менш за 20 гадоў (17,4 супраць 17,2 у 2020 годзе).

9 кастрычніка пахаладала. Днём, як прагназуе Белгідрамет, не вышэй за 16 градусаў. Такая ж тэмпература чакаецца ў наступныя трое сутак, толькі 11 кастрычніка па паўднёвым усходзе да 19 градусаў.

Падзяліцца: