Мінск 16:45

У Мазырскім раёне супрацоўнікі ДАІ са стральбой затрымалі нецвярозага кіроўцу

Скрыншот: МУС

8 лістапада, Позірк. З выкарыстаннем агнястрэльнай зброі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі затрымалі ў Мазырскім раёне (Гомельская вобласць) нецвярозага кіроўцу, паведамляе прэс-служба МУС.

Сцвярджаецца, што кіроўцу аўтамабіля Ford быў пададзены “сігнал аб прыпынку”, аднак той “праігнараваў патрабаванне і паскорыўся”, пасля гэтага “пачаўся пераслед”.

“Кіроўца вёў аўтамабіль агрэсіўна, ствараючы рэальную пагрозу ўдзельнікам дарожнага руху. Выехаўшы за межы райцэнтра, інспектары прынялі рашэнне аб выкарыстанні табельнай зброі для спынення транспартнага сродку”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пасля “неаднаразовых папярэджанняў” супрацоўнік ДАІ “зрабіў стрэл у паветра, а затым — прыцэльны па колах”, у выніку гэтага “аўто спынілася”.

“За рулём апынуўся 32-гадовы мясцовы жыхар з відавочнымі прыкметамі алкагольнага ап’янення. Медыцынскі агляд паказаў 1,9 праміле алкаголю”, — адзначылі ў МУС.

У дачыненні да парушальніка складзена “дзевяць адміністрацыйных матэрыялаў”, паведамляецца ў рэлізе. “Мужчына прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, штрафу ў памеры 200 базавых велічынь (8.000 рублёў) з пазбаўленнем права кіравання ўсімі відамі транспарту тэрмінам на пяць гадоў”, — падкрэслілі ў ведамстве.

Аўтамабіль канфіскаваны і змешчаны на стаянку, якая знаходзіцца пад аховай.

Падзяліцца: