Мінск 11:27

Лукашэнка адправіўся ў Пакістан, сітуацыя ў гэтай краіне напружаная

Ісламабад
Ілюстрацыйнае фота: hunzaexplorers.com

25 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада накіраваўся з візітам у Пакістан.

Прэс-служба палітыка паведаміла, што ў Ісламабадзе ён правядзе перагаворы з пакістанскім прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам — “у вузкім і пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый”.

“Асноўная ўвага будзе нададзеная далейшаму пашырэнню ўзаемавыгаднай супрацы з акцэнтам на практычныя крокі па развіцці гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, — гаворыцца ў паведамленні. — Бакі разгледзяць найбольш перспектыўныя напрамкі супрацы і абмяркуюць сумесны план дзеянняў на перспектыву”.

Заяўлена таксама, што “асобная ўвага будзе нададзеная тэме рэгіянальнай і глабальнай бяспекі, узаемадзеянню ў інтэграцыйных аб’яднаннях і сумеснай працы на міжнародных пляцоўках”. Па выніках перагавораў плануецца падпісаць “пакет міжнародных дакументаў”.

Паралельна ў Ісламабадзе пройдзе пакістана-беларускі бізнес-форум.

24 лістапада МЗС Пакістана распаўсюдзіла відэа і фота прыбыцця ў Ісламабад беларускай дэлегацыі на чале з міністрам замежных спраў Максімам Рыжанковым.

Паводле даных СМІ, у дэлегацыю ўваходзяць 68 чалавек. Пры гэтым адзначаецца, што візіт праходзіць на фоне напружанай унутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне. Не выключаныя пратэсты ў сталіцы прыхільнікаў былога прэм’ер-міністра краіны Імрана Хана, што знаходзіцца ў турме, яго вызвалення патрабуюць члены партыі, якую ён узначальвае.

Пра тое, што Лукашэнка 25–27 лістапада здзейсніць афіцыйны візіт у Пакістан, паведаміла на брыфінгу 21 лістапада прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў гэтай дзяржавы Мумтаз Захра Балоч.

Паводле яе слоў, Лукашэнка правядзе “грунтоўныя перамовы” з прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам, з якім “абмяркуе пытанні двухбаковай супрацы”. “Падчас візіту будуць таксама абмеркаваныя сем пагадненняў і мемарандумаў”, — адзначыла дыпламат.

Адным з такіх дакументаў, гледзячы на ўсё, стане міжурадавае пагадненне аб міжнародных аўтамабільных зносінах, праект якога Лукашэнка падпісаў 21 лістапада ў якасці асновы для перагавораў. Як паведаміла яго прэс-служба, на перагаворы ўпаўнаважанае Міністэрства транспарту і камунікацый.

У кастрычніку Пакістан наведваў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Тады беларускі бок паведамляў, што Шахбаз Шарыф выказаў зацікаўленасць у стварэнні сумесных прадпрыемстваў з Беларуссю і заявіў пра сумесныя праекты “ў сферы тэхналогій, трактарабудавання, аховы здароўя”.

Пакістан, як адзначалася, займае чацвёртае месца ў свеце па вытворчасці малака і малочных прадуктаў. Кіраўнік урада гэтай краіны прапанаваў “уцягнуць досвед” Беларусі, каб стварыць сумесныя прадпрыемствы ў такіх гарадах, як Лахор і Карачы.

Галоўчанка, у сваю чаргу, адзначыў, што Мінск “з вялікай цікавасцю” вывучае магчымасці супрацы з Ісламабадам у сферы сумесных прамысловых праектаў.

“Адзін з самых відавочных на паверхні [праектаў] — гэта вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі, у тым ліку як пастаўкі наўпрост з Беларусі, так і пераход да іх вытворчасці ў Пакістане”, — адзначыў Галоўчанка.

Пакістан — далёка не самы буйны гандлёвы партнёр Беларусі. Даныя пра ўзаемны гандаль за 2022 і 2023 год адсутнічаюць. У студзені — жніўні 2021-га, паводле інфармацыі беларускай амбасады ў гэтай краіне, тавараабарот склаў 53,2 млн долараў (беларускі экспарт — 44,3 млн, пакістанскія пастаўкі — 8,9 млн). Яшчэ з савецкіх часоў краіна — буйны імпарцёр беларускіх трактароў.

На пачатку лютага 2024 года Інстытут стратэгічных даследаванняў у Ісламабадзе выпусціў даведачны матэрыял да 30-годдзя беларуска-пакістанскіх стасункаў, у якім гаворыцца, што “за першыя пяць месяцаў 2023 года ўзаемны гандаль вырас на 30%, а беларускі экспарт у Пакістан павялічыўся ў 1,5 разоў у параўнанні з папярэднім годам”. У дакуменце адзначана, што Беларусь можа дапамагчы Пакістану дасягнуць мэты павялічыць агульны экспарт краіны да 100 млрд долараў.

Падзяліцца: