Мінск 14:45

На Асамблеі МКС у Гаазе будзе разгледжана сітуацыя ў Беларусі — Латушка

Фота: "Позірк"

1 снежня, Позірк. Упершыню сітуацыя ў Беларусі будзе разгледжана на Асамблеі дзяржаў, якія падпісалі Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда (МКС), паведаміў у сваім тэлеграм-канале намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

23-я сесія Асамблеі МКС пачне працу 2 снежня, адзначыў палітык.

“У рамках сесіі ўпершыню адбудзецца сайд-івэнт, прысвечаны перспектывам разгляду ў МКС беларускай сітуацыі. [сайд-івэнт называецца] “Беларуская сітуацыя ў МКС: юрысдыкцыя МКС і неабходнасць падтрымкі дзяржаў-удзельніц”, — адзначыў Латушка, анансаваўшы свой выступ “з прывітальным словам” на гэтай дыскусіі.

Мерапрыемства, паводле яго слоў, арганізавана праваабарончай арганізацыяй Redress, Цэнтрам глабальнага правасуддзя і правоў чалавека M.A.R.A. пры ўдзеле НАУ. Яно будзе прысвечанае звароту Літвы ў МКС з нагоды прыцягнення да адказнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Мэта сайд-івэнту — “прыцягнення ўвагі іншых дзяржаў — удзельніц Рымскага статута да сітуацыі экстэрытарыяльных злачынстваў супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі на тэрыторыі краін Рымскага статута”, падкрэсліў кіраўнік НАУ.

Акрамя Латушкі, у дыскусіі возьмуць удзел прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі Літвы, Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, а таксама “вядомыя міжнародныя эксперты ў сферы падобнага роду міжнародных злачынстваў, уключаючы тых, хто раней працаваў па сітуацыі ў М’янме і Бангладэш”, гаворыцца ў паведамленні.

30 верасня ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы пра “трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў”. Вільнюс патлумачыў сваё рашэнне тым, што больш не можа бяздзейнічаць.

У звароце ў МКС літоўскі ўрад адзначыў: “Маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 траўня 2020 года і да гэтай пары супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі на загад высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і вайсковых чыноўнікаў здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці”. Пад імі маюцца на ўвазе дэпартацыя, пераследы і “іншыя бесчалавечныя акты”.

Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці ў МКС шляхам далучэння да звароту.

У каментарыі пракурора МКС Карыма Хана, апублікаваным 30 верасня на сайце суда, гаворыцца, што перадача дзяржавай — удзельніцай Рымскага статута заявы ў Міжнародны крымінальны суд не прыводзіць аўтаматычна да пачатку расследавання.

3 кастрычніка стала вядома, што перададзеныя Літвой матэрыялы былі накіраваныя ў Палату папярэдняй вытворчасці МКС. Паводле інфармацыі на сайце суда, па справе прызначаныя тры суддзі: Юлія Мотак (Румынія), Рэйн Алапіні-Гансу (Бенін) і Сакаро Флорэс Ліера (Мексіка).

Гл. таксама:

МКС у Гаазе звычайна прымае рашэнне аб магчымым пачатку расследавання на працягу паўгода — эксперт

Падзяліцца: