Мінск 08:35

Беларускія адвакаты падтрымалі грузінскіх калегаў, якія церпяць ад рэпрэсій на фоне масавых пратэстаў

6 снежня, Позірк. Дзве беларускія супольнасці адвакатаў выказалі салідарнасць і падтрымку калегам у Грузіі, якія “сутыкаюцца з сур’ёзнымі выклікамі ў сваёй прафесійнай дзейнасці”.

Праект “Права на абарону” адзначае, “як важна было бачыць падтрымку калег у разгар масавых рэпрэсій у дачыненні да адвакатаў і прадстаўнікоў юрыдычнай прафесіі ў Беларусі”.

“Мы б хацелі падтрымаць тых, хто цяпер рэалізуе сваё права на выказванне меркавання, тых, хто нястомна выконвае свой прафесійны абавязак, абараняючы затрыманых грамадзян, тых, хто адстойвае не толькі права кліентаў на справядлівы суд, на свабоду слова і асацыяцый, але і найважнейшыя прынцыпы вяршэнства права”, — гаворыцца ў заяве ініцыятывы.

Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека (БААПЧ) у сваю чаргу заявіла, што абарона адвакатаў і праваабаронцаў — гэта “абарона правоў усіх грамадзян, якія імкнуцца да свабоды, справядлівасці і павагі правоў чалавека”.

БААПЧ падтрымала ініцыятыву Асацыяцыі маладых адвакатаў Грузіі па маніторынгу парушэнняў правоў чалавека і ацэнцы іх на прадмет злачынстваў супраць чалавечнасці.

“Грунтуючыся на ўласным досведзе, мы заклікаем калегаў салідарна змагацца за кожнага адваката, які сутыкнуўся з рэпрэсіямі, бо бяздзейнасць не спыняе рэпрэсіі і вядзе да знішчэння інстытута незалежнай адвакатуры”, — гаворыцца ў заяве.

Раней Беларускі ПЭН далучыўся да заявы PEN International аб пераследзе журналістаў і мірных пратэстоўцаў у Грузіі і заклікаў улады краіны “неадкладна спыніць жорсткі пераслед дэманстрантаў і цалкам выконваць права на свабоду слова і мірныя сходы”.

Грузінская апазіцыя аспрэчвае афіцыйныя вынікі кастрычніцкіх парламенцкіх выбараў, паводле якіх больш за палову месцаў зноў атрымала кіроўная партыя “Грузінская мара” прарасійскага мільярдэра Бідзіны (Барыса) Іванішвілі.

Пратэсты ўспыхнулі ў краіне з новай сілай 28 лістапада пасля заявы прэм’ер-міністра (апазіцыя называе яго “так званым прэм’ер-міністрам” і “прэм’ер-міністрам “Грузінскай мары”) Іраклія Кабахідзэ аб замарожванні да 2028 года перамоваў аб уступленні Грузіі ў Еўрасаюз і адмове ад любых бюджэтных грантаў ЕС.

За тыдзень пратэстаў паводле адміністрацыйных артыкулаў затрымана больш за 300 чалавек, паводле крымінальных — 18. Сярод тых, хто зазнаў рэпрэсіі, — грамадскія актывісты, палітыкі, журналісты, а таксама адвакаты. У прыватнасці, паведамлялася аб затрыманні ў Тбілісі адваката Бекі Басілая, ён правёў за кратамі тры дні.

Раніцай 30 лістапада быў затрыманы 25-гадовы грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі, які ўтрымліваўся двое сутак у СІЗА і быў вызвалены з абавязацельствам прыбыць 3 снежня ў Дэпартамент міграцыі. Каб пазбегнуць дэпартацыі (можа быць добраахвотнай або прымусовай) ён падаў заяўку на прытулак.

Падзяліцца: