Мінск 14:38

У Брэсце аператары беспілотнікаў трэніруюцца весці паветраную выведку і карэктаванне артудараў

Фота: прэс-служба Мінабароны

10 снежня, Позірк. Вядзенне паветранай выведкі і карэктаванне артылерыйскіх удараў адпрацоўваюць удзельнікі збораў аператараў беспілотнікаў у 38-й Брэсцкай асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе, паведаміла 10 снежня прэс-служба Міністэрства абароны.

“Адмысловая ўвага” надаецца працы з дронамі ва ўмовах радыёэлектронных перашкод, а таксама досведу іх выкавыстання ў “сучасных узброеных канфліктах”.

У ноч на 3 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра ўварванне чарговага расійскага беспілотніка. Тады было выказана меркаванне, што дрон іранскай маркі “Шахед” мог упасці ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Беларускія ўлады інцыдэнт ніяк не каментавалі. Аднак на наступны дзень супрацоўнікі КДБ “пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРу” затрымалі жыхарку Калінкавічаў. Яны ўварваліся ў дом, відэакамера на якім зафіксавала шум і водбліскі беспілотніка, што падаў.

4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок шмат збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.

Залёт БПЛА Лукашэнка патлумачыў недасведчанасцю аператараў, адзначыўшы, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы апараты губляюць арыенцір.

Раней Паветраныя сілы УСУ паведамлялі пра залёт на беларускую тэрыторыю расійскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22, 26, 27, 28 кастрычніка, 1, 3, 10, 11, 12, 13, 20, 22, 25, 26 27 лістапада, 2, 3 і 6 снежня.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) раней паведамляў, што Украіна палепшыла свае магчымасці радыёэлектроннай барацьбы і можа або “прызямліць “Шахеды”, прымусіць іх “згубіцца”, або прымусіць іх адхіліцца ад свайго шляху і ўляцець у расійскую або беларускую паветраную прастору.

Падзяліцца: