Мінск 02:45

Аднаўленне Захадам кантактаў з Лукашэнкам будзе здрадай беларускага грамадства — Латушка

Фота з тэлеграм-канала Латушкі

11 снежня, Позірк. Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі і расійскага комплексу “Арэшнік” — гэта нацэлены на Захад шантаж, заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка 11 снежня на сустрэчы з амбасадарамі краін Еўрасаюза ў Камітэце палітыцы і бяспецы Савета ЕС у рамках Дзён Беларусі ў Брусэлі.

Мерапрыемства, паведаміў палітык у сваім тэлеграм-канале, арганізавалі пастаянныя прадстаўнікі Польшчы і Швецыі пры ЕС.

На думку Латушкі, Лукашэнка спрабуе паказаць, што без яго ў Еўропе нічога вырашыць нельга. “Нашыя еўрапейскія партнёры зараз маюць выбар: альбо пайсці на дыялог з шантажыстам, задаволіць яго амбіцыі, дазволіўшы яму прымусіць Захад пагадзіцца вярнуць суб’ектнасць, што будзе азначаць здраду большасці беларускага грамадства, якое імкнецца да дэмакратычных змен і не прызнае Лукашэнку, альбо заняць жорсткую пазіцыю далейшай ізаляцыі Лукашэнкі і канчатковага абнулення яго суб’ектнасці”, — сказаў ён.

Такі падыход, сцвярджае намеснік кіраўніцы АПК, з’яўляецца “адзінай пазіцыяй беларускіх дэмакратычных інстытутаў”. Калі камунікацыя Захаду з рэжымам Лукашэнкі адновіцца на падставе “безвыбараў”, якія з’яўляюцца проста імітацыяй палітычнага працэсу”, актыўная частка беларускага грамадства “ўспрыме гэта як здраду”, перакананы ён. “Як здраду тых ахвяр, намаганняў і барацьбы, якія людзі аддаюць для таго, каб кардынальна змяніць сітуацыю ў нашай краіне”, — патлумачыў палітык.

На сустрэчы Латушка “акцэнтаваў увагу” дыпламатаў краін ЕС “на пытанні прыцягнення Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы, якія яны працягваюць здзяйсняць супраць беларускага грамадства”.

Намеснік кіраўніцы АПК нагадаў, што 30 верасня Літва стала першай краінай, якая, “трымаючыся ідэалаў міжнароднага правасуддзя”, перадала ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) матэрыялы пра “трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў, якія здзяйсняюцца Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі”.

“Хачу адзначыць, што кантэкст экстэрытарыяльных злачынстваў, па якіх літоўскі бок перадаў зварот у МКС, ахоплівае не толькі Літву і Беларусь, але і іншыя дзяржавы — удзельніцы Рымскага статута. Сёння ахвяры гэтых злачынстваў знаходзяцца на тэрыторыі як мінімум 30 краін”, — звярнуў увагу палітык.

“Сёння юрыдычна няма больш простага і эфектыўнага кроку да дасягнення правасуддзя ў Беларусі, чым далучэнне да літоўскага звароту”, — падкрэсліў ён.

10 снежня Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні работнікаў барысаўскага прадпрыемства “ПАЖСНАБ” (Мінская вобласць), заявіў, што ўвёз у Беларусь “не адзін дзясятак адзінак” ядзерных боегаловак.

Таксама паводле яго слоў, у Беларусі маецца “дзясяткі тры пляцовак”, каб размясціць расійскі ракетны комплекс “Арэшнік”, як пра гэта раней заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, у другой палове 2025 года. “Вось мы выберам, таму што там мінімальная адлегласць да аб’ектаў паражэння павінна быць. Размесцім і нацэлім”, — заявіў Лукашэнка.

Агрэсіўнай рыторыкай Лукашэнка трымаецца палітыкі Крамля па нагнятанні ваеннай істэрыі — ISW

11 снежня, Позірк. Агрэсіўная рыторыка Аляксандра Лукашэнкі з'яўляецца "працягам палітыкі Крамля па нагнятанні ядзернай ваеннай істэрыі", што скіраваная на тое, каб "запалохаць Захад і скараціць яго падтрымку Украіны", мяркуе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). Такім чынам ISW адрэагаваў на заявы Лукашэнкі 10 …
Падзяліцца: