Мінск 21:48

Фландрыя выдаткоўвае 100 тыс. еўра на падтрымку беларускіх журналістаў у выгнанні (дапоўнена)

Дададзеныя 5-8 абзацы

13 снежня, Позірк. Фландрыя выдзеліла 100 тыс. еўра на падтрымку беларускіх журналістаў у выгнанні, паведамляе агенцтва Belga News Agency са спасылкай на міністра-прэзідэнта гэтага рэгіёна Бельгіі Маціяса Дыпендаэле.

Адзначаецца, што Фландрыя зробіць унёсак у праграму дзеянняў Савета Еўропы на 2024–2025 гады, якая прадугледжвае “навучанне і аператыўную падтрымку журналістаў у выгнанні”. Такім чынам рэгіён “узмацняе незалежныя СМІ, якія з’яўляюцца незаменным апірышчам дэмакратыі”, гаворыцца ў паведамленні.

“Вольныя і незалежныя СМІ жыццёва важныя для абароны дэмакратычных каштоўнасцяў. Дзякуючы гэтай падтрымцы Фландрыя дапамагае журналістам, якія, знаходзячыся пад велізарным ціскам, працягваюць працаваць над аб’ектыўным і надзейным асвятленнем падзей”, — заявіў Дыпендаэле.

Паведамляецца, што ён сустрэўся з беларускім дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай у Брусэлі ў межах Дзён Беларусі — еўрапейскай ініцыятывы, накіраванай на прыцягненне ўвагі да дэмакратычных рухаў і правоў чалавека ў краіне.

Як паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка, палітыкі абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, падтрымку культурных ініцыятыў, незалежных журналістаў і блогераў, іншыя праекты дэмакратычных сіл.

Ціханоўская падзякавала Фландрыі за падтрымку місіі дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі, якая працуе ў памяшканні, прадастаўленым рэгіёнам на бязвыплатнай аснове. Яна адзначыла дапамогу беларускім экспертным, грамадскім і культурным ініцыятывам, а таксама падтрымку фламандскіх дыпламатаў у Варшаве.

“З 2020 года Фландрыя з’яўляецца адным з нашых найбольш актыўных саюзнікаў. Мы вельмі шануем гэтае партнёрства і сяброўства”, — адзначыла Ціханоўская.

Вячорка таксама звярнуў увагу на тое, што раней урад Фландрыі надаваў фінансавую дапамогу праекту Reform.by, падтрымліваў грамадскія арганізацыі і ініцыятывы, такія як ISANS. Дзякуючы намаганням Фландрыі, беларускі пытанне было ўзнятае на пасяджэнні міністраў культуры краін ЕС сёлета ў траўні, на якім Ціханоўская падарыла карціну Алеся Пушкіна “Беларускае сонца” Яну Ямбону, які тады быў міністрам-прэзідэнтам Фландрыі.

У кааліцыйным пагадненні ўрада Фландрыі сярод прыярытэтаў пазначана падтрымка дэмакратычных сіл Беларусі, паведаміў Аб’яднаны пераходны кабінет 29 кастрычніка па выніках сустрэчы яго намесніка старшыні Паўла Латушкі з генеральным прадстаўніком найбуйнейшага рэгіёна Бельгіі ў Польшчы Маціясам дэ Морам.

12 снежня паведамлялася, што Еўрапейскі саюз выдаткуе 30 млн еўра для падтрымкі беларускага дэмакратычнага руху.

Падзяліцца: