Мінск 15:37

У Санкт-Пецярбургу згарэў чарговы аўтобус МАЗ, гэта стварыла кіламетровы затор

Фота: "Фантанка"

18 снежня, Позірк. Чарговы пасажырскі аўтобус згарэў у Санкт-Пецярбургу, паведамляе мясцовае выданне “Фонтанка”.

Гэта адбылося раніцай 18 снежня, праз пажар на дарозе ўтварыўся затор даўжынёй у кіламетр.

Медыя не называе марку аўтобуса, але на відэа выразна відаць, што гэты транспартны сродак вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода.

“Слуп чорнага дыму ад пажару падняўся над шматпавярховымі дамамі, дым бачны з суседняга раёна. Да месца здарэння аператыўна прыбылі экстранныя службы”, — гаворыцца ў публікацыі.

“Дашчэнту згарэў”, — перадае СМІ словы відавочцы.

Прычына і абставіны ўзгарання высвятляюцца.

Аб узгаранні аўтобусаў МАЗ рэгулярна паведамляюць СМІ.

25 лістапада ў Саратаве (РФ) праз “тэхнічную няспраўнасць адбылося ўзгаранне рухавіка аўтобуса МАЗ муніцыпальнага маршруту № 19”, паведамляла прэс-служба мэрыі гэтага горада.

У Ленінградскай вобласці (РФ) 30 кастрычніка загарэўся чарговы аўтобус МАЗ. На апублікаваным відэа ён цалкам ахоплены агнём. Пра прычыны ўзгарання не паведамлялася.

Характэрна, што аўтобус згарэў у расійскім рэгіёне, куды беларускія ўлады разлічваюць актыўна пастаўляць пасажырскую тэхніку.

Беларусь гатовая “цалкам задаволіць” патрэбы Санкт-Пецярбурга ў сучасным пасажырскім транспарце, заявіў 25 кастрычніка на пасяджэнні 14-га Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Чыноўнік сцвярджае, што кантракты з Санкт-Пецярбургам для такіх прадпрыемстваў “заўсёды ў прыярытэце”, у прыватнасці, Беларусь хоча пастаўляць у горад “новыя мадэлі беларускіх аўтобусаў, тралейбусаў, электробусаў, трамваяў”. З гэтай мэтай беларускі бок гатовы “прапаноўваць вельмі выгадныя фінансавыя варыянты ўзаемадзеяння пры заключэнні такіх кантрактаў”, сказаў Галоўчанка.

22 кастрычніка паведамлялася аб узгаранні ў Самары аўтобуса МАЗ (2018 год выпуску), які знаходзіўся на канцавым прыпынку ля гандлёвага цэнтра, пасажыраў у ім не было. Прычынай, паводле папярэдняй інфармацыі, стала няспраўнасць электраправодкі.

3 студзеня ў Санкт-Пецярбургу загарэўся аўтобус маркі “МАЗ”, які належыць кампаніі “Домтрансаўта”.

Паводле даных расійскіх СМІ, у гэтым горадзе ў 2023 годзе загарэлася не менш за дзевяць аўтобусаў Мінскага аўтазавода. Годам раней было зафіксавана восем падобных выпадкаў.

“У сувязі з наяўнасцю заўваг, якія патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання аўтобусаў, прынятае рашэнне аб прыпыненні эксплуатацыі на гарадской маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода (МАЗ 203047). Яны паступілі ў Пецярбург па кантрактах 2022 года”, — паведаміла 2 жніўня 2023 года прэс-служба дзяржпрадпрыемства “Пасажыраўтатранс”.

У адказ на запыт віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Кірыла Палякова ў чэрвені 2022 года МАЗ паведаміў, што прычынай узгаранняў можа быць “трапленне алівы з сістэмы гідрапрывада вентылятара на гарачыя часткі рухавіка”.

“Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэння лагістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрывада магла адбыцца замена правераных фланцаў на іншыя, аналагічныя паводле тэхнічных характарыстык, але якія не маюць правераных рэферэнцый”, — патлумачыў чыноўнік.

Выпадкі з узгараннем аўтобусаў МАЗ фіксаваліся і ў іншых гарадах Расіі, а таксама ў Беларусі.

Наяўнасць праблемы з беларускімі аўтобусамі ўскосна прызнаў Лукашэнка, які заявіў 19 верасня 2023 года на сустрэчы з губернатарам Краснадарскага края Веніямінам Кандрацьевым, што прычына ўзгаранняў пасажырскага транспарту ў Пецярбургу крыецца ў адсутнасці “якаснага і своечасовага абслугоўвання”. Ён прапанаваў наладзіць тэхабслугоўваньне на месцы сіламі беларускіх рамонтнікаў.

На прэс-канферэнцыі 25 кастрычніка намеснік галоўнага канструктара па грузавой тэхніцы ААТ “Мінскі аўтамабільны завод” Мікалай Лакотка заявіў, што прычынамі частага ўзгарання тэхнікі прадпрыемства ў РФ з’яўляецца парушэнне ўмоў і правілаў эксплуатацыі.

Паводле яго слоў, тэхніка “стала вельмі цяжкая, энерганасычаная, таму ўмовы эксплуатацыі і правілы эксплуатацыі ніхто не адмяняў”.

Падзяліцца: