Мінск 14:44

Беларусь уводзіць электронныя візы

Архіўнае фота: ДПК

19 снежня, Позірк. Беларусь уводзіць электронныя візы для грамадзян 71 дзяржавы. Такое новаўвядзенне прадугледжана зменамі ў візавыя правілы, зацверджанымі пастановай урада ад 16 снежня № 953.

Палажэнні, штоя тычацца электронных віз, набудуць моц 19 сакавіка 2025 года, частка іншых — пасля апублікавання.

Сярод пералічаных дзяржаў — усе 35, у дачыненні да жыхароў якіх да 31 снежня 2025 года дзейнічае бязвізавы рэжым.

Заяўкі для атрымання электронных віз будуць падавацца замежнікамі праз адзіны партал электронных паслуг (АПЭП) агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы (ААІС). Такая віза будзе ўяўляць сабой запіс аб дазволеным замежніку ўездзе ў Беларусь, аформлены ў электронным выглядзе ў адпаведнасці з Візавымі правіламі і захоўвацца ў аўтаматызаванай сістэме “Консул”. Для яе атрымання неабходна накіраваць праз АПЭП ААІС электронную анкету і электроннае пацверджанне аплаты электроннай паслугі.

Электронныя візы з’яўляюцца аднаразовымі і індывідуальнымі, выдаюцца на тэрмін не больш за 30 сутак без унясення ў іх інфармацыі пра асобаў, якія вандруюць разам. У залежнасці ад мэты паездкі прадугледжаны наступныя катэгорыі электронных віз: дзелавая паездка (дзелавыя стасункі); удзел у спартыўных, культурных, навуковых, адукацыйных мерапрыемствах і стажыроўках (спорт/культура/навука/адукацыя); прыватныя справы (прыватная); турызм (турызм).

Яны будуць выдавацца ўладальнікам звычайных пашпартоў дзяржаў, пасля падачы імі ў асабістым кабінеце АПЭП ААІС візавай заяўкі, а таксама па выніках правядзення праверак на наяўнасць у спісе асоб, уезд якіх у Беларусь забаронены або непажаданы, і на прадмет выканання тэрмінаў часовага знаходжання ў краіне пры папярэдніх наведваннях.

Выдаваць візы будуць замежныя ўстановы, якія вызначаюцца паводле грамадзянства замежніка, а ў выпадку прыпынення або спынення дзейнасці — найбліжэйшая замежная ўстанова Беларусі. Разгляд візавай заяўкі будзе адбывацца на працягу сямі каляндарных дзён, выдача электронных віз у тэрміновым парадку ажыццяўляцца не будзе.

Пры ўездзе ў Беларусь і падчас знаходжання ў ёй іншаземец “на патрабаванне кампетэнтных органаў” абавязаны прад’яўляць асобнік электроннай візы ў электронным выглядзе або на папяровым носьбіце. Для яе верыфікацыі трэба будзе адсканаваць QR-код у мабільным дадатку”Е-Паслуга”.

Дакументам уводзяцца ўдакладненні ў дачыненні да атрымання некаторых тыпаў віз і паўнамоцтваў кіраўнікоў замежных устаноў па іх выдачы, а таксама іншыя змены.

Візавая анкета, згодна з пастановай, запаўняецца замежнікам з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў альбо разборліва ад рукі на беларускай, або рускай, або англійскай, або на меркаванне консульскай службовай асобы іншай мове, якая выкарыстоўваецца ў краіне знаходжання. Апошняй опцыі раней не было.

Падзяліцца: