Мінск 12:21

“Праявы апазіцыйных сіл” на выбарах Сяргеенка назваў рызыкай

Ігар Сяргеенка
Архіўнае фота: mlyn.by

20 снежня, Позірк. Пра жаданне “пятай калоны” (прыніжальная назва апазіцыі) уцягнуць Беларусь “у хаос, у блытаніну, разваліць, разбурыць” заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сяргеенка 20 снежня на сустрэчы са студэнтамі Белдзяржуніверсітэта.

“Практычна кожная выбарчая кампанія ў той ці іншай ступені нясе рызыкі праяваў дэструктыўных, антыдзяржаўных, апазіцыйных сіл, — цытуюць спікера дзяржСМІ. — Калі казаць пра цяперашнюю выбарчую кампанію, яна развіваецца ў стабільным, дастаткова спакойным рэжыме. Але мы не павінны забывацца — пра гэта і прэзідэнт нам кажа, і мы яе бачым — пра так званую пятую калону з тых праціўнікаў (многія з якіх сёння жывуць за мяжой), якім наша стабільнасць і наша жыццё не падабаецца”.

Паводле сцвярджэння кіраўніка ніжняй палаты парламента, Беларусь “займае ўзважаную пазіцыю ў адносінах з іншымі краінамі” і за 30 гадоў прэзідэнцкай рэспублікі “не развязала ніводнага ўзброенага канфлікту, не справакавала ўзброенага супрацьстаяння” (Сяргеенка не стаў удакладняць, ці было гэта да 1994 года. — “Позірк”.).

“Мы будуем сваю сучаснасць, будучыню. Самае галоўнае: мы захавалі свой суверэнітэт і незалежнасць, паставіўшы ў аснову інтарэсы не асобнай праслойкі грамадства, а народа ў цэлым”, — заявіў кіраўнік ПП НС, падкрэсліўшы, што ўлады не дазволяць “зрабіць беларусаў закладнікамі чужых геапалітычных інтарэсаў”.

Хто менавіта спрабуе “разбурыць” краіну, Сяргеенка, як звычайна, не паведаміў.

У эфіры тэлеканала АНТ 15 верасня ён заявіў аб адсутнасці перад прэзідэнцкімі выбарамі “перадумоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне”.

Разам з тым ён прагназуе, што “будуць прадпрымацца і робяцца намаганні з-за мяжы, так званай пятай калоны, адтуль для таго, каб ускалыхнуць сітуацыю так ці інакш”.

Сергеенка, як і Аляксандр Лукашэнка, які таксама ўвесь час абстрактна абвінавачвае ўяўных ворагаў, лічыць, што сёння ідзе “інфармацыйная вайна”.

Не называючы ні краіну, адкуль “будуць прыкладацца намаганні”, ні палітычныя сілы “пятай калоны”, якія нібыта хочуць “ускалыхнуць сітуацыю”, спікер ПП НС заявіў, што будуць “спробы скампраметаваць уладу”. “Па меры набліжэння актыўнай фазы выбарчай кампаніі, вядома ж, як мы заўсёды гэта бачылі, гэта будзе нарастаць”, — лічыць ён.

Раней Сергеенка займаў пасады першага намесніка старшыні КДБ, начальніка ўпраўлення КДБ па Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, адміністрацыю Лукашэнкі ўзначальваў са снежня 2019 года да сакавіка 2024-га.

У краіне пяты год ідуць рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і іншых не згодных з рэжымам.

Прэзідэнцкая кампанія (асноўны дзень галасавання прызначаны на 26 студзеня 2025 года) праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчана ад актыўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнана незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: