Мінск 08:53

ДПК і СК абвінавацілі польскіх сілавікоў у збіцці мігранта з Сенегала

5 студзеня, Позірк. У збіцці грамадзяніна Сенегала на мяжы з Беларуссю абвінавацілі польскіх сілавікоў 5 студзеня Дзяржаўны пагранічны камітэт і Следчы камітэт.

ДПК сцвярджае, што “пакалечаны” іншаземец быў знойдзены мінулай ноччу ў Бераставіцкім раёне (Гродзенская вобласць).

“Мужчына ў разарванай вопратцы знаходзіўся паблізу польскай мяжы. Іншаземец з-за траўмаў не мог самастойна ісці, ён быў знясілены і схуднелы. На пальцах яго рук і ног меліся прыкметы абмаражэння”, — гаворыцца ў рэлізе пагранічнага ведамства.

Як заяўляецца, мігрант нібыта “распавёў, што ў Польшчы яго затрымалі сілавікі, жорстка збілі, а затым прымусілі перайсці праз брамку для жывёл на беларускую тэрыторыю”.

“Памежнікі аказалі бежанцу медыцынскую дапамогу і выклікалі хуткую. Мужчына шпіталізаваны ў Ваўкавыскую цэнтральную раённую бальніцу”, — адзначае ДПК.

У ведамстве заявілі, што “нягледзячы на рызыку гібелі збітых уцекачоў ад сур’ёзных абмаражэнняў”, “польскія сілавікі працягваюць выкідваць іх праз мяжу без цёплага адзення і ежы, пакідаючы людзей у небяспечным для жыцця становішчы”.

Паведамленне Следчага камітэта ў цэлым паўтарае інфармацыю пагранслужбы.

Пры гэтым, як сцвярджаецца, “злачынныя дзеянні службовых асоб сумежнага боку старанна задакументаваныя”, СК “будзе дадзеная прынцыповая прававая ацэнка таму, што адбылося”.

Беларускія ўлады рэгулярна паведамляюць пра пакуты, фізічныя траўмы і гібель замежнікаў на мяжы з краінамі ЕС, нязменна ўскладаючы адказнасць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі. Пры гэтым беларускі бок не паведамляе, як мігранты аказваюцца на мяжы з краінамі ЕС у зоне адказнасці пагранічнага ведамства.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

У 2024 годзе суседнія краіны Еўрапейскага саюза зафіксавалі 36.291 спробу мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі — на 13,8% менш, чым у 2023-м (42.078), сведчыць праведзены Позіркам аналіз даных памежных службаў.

На польскім участку мяжы Еўрасаюза за год зарэгістравана 29.972 такія спробы (+17,2%; 25.571), латвійскім — 5.317 (-61,7%; 13.863), літоўскім — 1.002 (-62,1%; 2.644).

Падзяліцца: