Мінск 10:16

У перадвыбарчай праграме Лукашэнка абяцае аднавіць дыялог з Захадам і “нармалізаваць стасункі з суседзямі”

Фота: mlyn.by

14 студзеня, Позірк. Беларусь знаходзіцца ў “самай высокай за апошнія восем дзесяцігоддзяў кропцы небяспекі”, бо “ўвесь свет навокал ахоплены полымем”, праводзяцца “пастаянныя спробы падзяліць беларускае грамадства, падарваць яго адзінства і стабільнасць”, заяўляе Аляксандр Лукашэнка ў сваёй перадвыбарчай праграме.

Документ, які названы “Час выбраў нас”, апублікаваны 14 студзеня дзяржаўнымі газетамі.

Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года, падрабязна спыняецца на пытаннях развіцця Беларусі за апошнія 30 гадоў і заклікае выбарцаў аб’яднацца для абароны краіны ад знешніх і ўнутраных пагроз.

“У нас няма тэрытарыяльных прэтэнзій ні да якой краіны, — гаворыцца ў праграме. — Мы нікому не пагражаем і не плануем ні на каго нападаць. У нас абарончая ваенная палітыка. Але ў выпадку агрэсіі і ўварвання ў Беларусь мы павінны быць гатовыя абараняць сваю радзіму. Таму мы працягнем фарміраваць сучасныя Узброеныя сілы, развіваць уласную вытворчасць перадавога ўзбраення і супрацоўнічаць з Расіяй у межах падпісаных міжнародных дамоваў для забеспячэння надзейных гарантый абароны”.

Апроч працягу курса на паглыбленне стратэгічнага партнёрства з Расіяй і Кітаем, а таксама з дзяржавамі “далёкай дугі”, Лукашэнка адзначае і заходнія краіны: “Мы накіруем нашы намаганні на аднаўленне дыялогу з Захадам і нармалізацыю адносін з суседзямі, перарваных не з нашай віны і не з нашай ініцыятывы. Гэта супрацоўніцтва ўзаемавыгаднае”.

Аўтар заяўляе, што з задачамі могуць справіцца “моцная дзяржава і ўлада”. Для ўстойлівасці дзяржавы, паводле яго слоў, “патрэбныя новыя тэхналогіі, канкурэнтаздольная вытворчасць, высокая якасць, нулявая бюракратыя і канчатковае знішчэнне карупцыі”.

У праграме змяшчаецца абяцанне “захаваць нязменнымі прынцыпы сацыяльнай палітыкі ў адукацыі і медыцыне, падтрымку мацярынства, дзяцінства, пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі”.

У бліжэйшыя пяць гадоў, згодна з планамі Лукашэнкі, у Беларусі палепшыцца транспартная інфраструктура, жыллё стане даступным, па ўсёй тэрыторыі краіны павысіцца якасць мабільнай сувязі і хуткасць інтэрнэту, у першую чаргу за кошт актыўнага ўкаранення тэхналогіі 5G.

Ён таксама абяцае дапоўніць “мінімальныя сацыяльныя стандарты нормамі камфорту”: у кожным населеным пункце павінны быць даступны транспарт, добраўпарадкаваныя вуліцы і пляцоўкі для адпачынку, хуткасны інтэрнэт, чыстая вада, электра- і газазабеспячэнне, аб’екты культуры, спорту, гандлю і грамадскага харчавання.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 26 студзеня 2025 года.

Прэзідэнцкая кампанія праходзіць пад поўным кантролем улад. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчана ад актыўных апанентаў Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.

З 1996 года ні адна выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпавядаючай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: