Праваабаронцы не выключаюць “гібрыдных адключэнняў” інтэрнэту падчас выбараў
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 15 студзеня 2024 года ў 21:48
15 студзеня, Позірк. Прэзідэнцкія выбары 2020 года паказалі, што ўлады гатовыя пайсці на інтэрнэт-шатдаўн — наўмысныя дзеянні, накіраваныя на абмежаванне або поўнае пазбаўленне доступу насельніцтва да інтэрнэту. Пра гэта заявіў эксперт праваабарончай арганізацыі Human Constanta падчас прэзентацыі “Адключэнне інтэрнэту: выклікі выбараў 2025”, што адбылася 15 студзеня.
Паводле слоў спікера (імя публічна не раскрываецца), у апошнія гады ва ўсім свеце назіраецца рост колькасці шатдаўнаў, іх пік традыцыйна прыпадае на час лакальных пратэстаў, выбараў і нават школьных экзаменаў.
Адключэнне інтэрнэту, у тым ліку поўнае, у Беларусі магчыма дзякуючы абсалютнаму кантролю дзяржавы над знешнімі каналамі сувязі, адзначыў прадстаўнік арганізацыі. Пры гэтым існуюць розныя варыянты блакавання: адключэнне толькі мабільнага інтэрнэту, фільтраванне сэрвісаў VPN і інш.
Кантраляваныя дзяржавай “Белтэлекам” і Беларускі нацыянальны цэнтр абмену трафікам фактычна з’яўляюцца “пасярэднікамі“ паміж глабальным інтэрнэтам і Беларуссю, маюць магчымасць цалкам “адключыць рубільнік” у любы момант, падкрэсліў эксперт.
Паводле інфармацыі прадстаўніка Human Constanta, у краіне можа быць заблакавана каля 15 тыс. рэсурсаў. У арганізацыі мяркуюць, што ў 2025 годзе можна чакаць “гібрыдных адключэнняў“ інтэрнэту, гэта значыць блакавання пэўных рэсурсаў, якія дзяржава лічыць непажаданымі.
Пры гэтым эксперт прызнаў, што спрагназаваць дзеянні ўладаў па адключэнні інтэрнэту ў 2025 годзе складана: “Магчымасць маніторыць гэта адсутнічае да таго моманту, пакуль блакаванне не адбудзецца. Тыя збоі, якія мы назіраем у апошнія месяцы і тыдні, можна разглядаць як магчымае тэставанне адключэнняў, як было ў чэрвені 2020 года, калі ішла падрыхтоўка шатдаўна“.
Як лічыць спікер, адключэнні могуць паўтарыцца, калі “будуць умовы і будзе такая патрэба ва ўладаў“, якія ў гэтым выпадку пойдуць паводле сцэнару 2020 года.
Гаворачы пра магчымасць стварэння ў Беларусі “суверэннага інтэрнэту”, эксперт адзначыў, што такі працэс патрабуе значных укладанняў і наяўнасці нацыянальных сэрвісаў, якія могуць замяніць глабальныя ці рэгіянальныя: паштовыя сэрвісы, сацсеткі, месенджары, банкаўскую інфраструктуру і г.д.
Зыходзячы з ліку беларускіх карыстальнікаў каментатар знаходзіць такі сцэнар нерэалістычным праз нерэнтабельнасць, аднак не выключае інфраструктурнае далучэнне беларускага сегмента іІнтэрнэту да расійскага, што зрабіць “значна прасцей“.
Human Constanta рэкамендуе беларусам загадзя падрыхтавацца да магчымых блакаванняў, усталяваўшы Psiphon, Lantern, TOR і іншыя праграмы. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 11 жніўня 2020 года колькасць карыстальнікаў сэрвісу Psiphon з Беларусі дасягала 1,76 млн: “Такія лічбы параўнальныя са статыстыкай Psiphon па Іране, дзе блакаванне, куды больш жорсткае, працуе даўно і дзе насельніцтва навучылася яго абыходзіць“.
Праваабаронцы канстатуюць, што пры адключэнні інтэрнэту парушаецца права на свабоду выказвання меркаванняў і доступ да інфармацыі, людзі губляюць магчымасць атрымліваць дакладныя звесткі і распаўсюджваць інфармацыю, што груба супярэчыць арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі на свой выбар).
13 студзеня Служба замежнай выведкі Украіны паведаміла, што адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі “распрацавала план, які прадугледжвае паступовае абмежаванне доступу да шэрагу рэсурсаў, у прыватнасці WhatsApp, YouTube, Instagram, да канца 2025 года“.
У ноч на 10 студзеня без VPN у Беларусі не адкрываліся “Ютуб“, “ЦікТок“, “Тэлеграм“, Twitch, Discord і іншыя месенджары і платформы.
Перабоі ў працы інтэрнэту фіксаваліся ў навагоднюю ноч да, падчас і пасля выступу дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай на платформе “Ютуб“.
На сустрэчы са студэнтамі ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце 22 лістапада 2024 года Аляксандр Лукашэнка прызнаў сваю прамую датычнасць да блакавання інтэрнэту ў жніўні 2020 года, якую тады публічна адмаўляў.
“Калі гэта паўторыцца, адключым наогул, — заявіў Лукашэнка, маючы на ўвазе акцыі пратэсту чатырохгадовай даўніны супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на ягоную карысць. — Скажу шчыра, што гэта практычна заўсёды, асабліва на пачатковых стадыях, было з майго дазволу. Калі ў цябе дзве праблемы, ты пачынаеш ўзважваць, што важней. Я бачыў, натуральна, далей, чым вы. ⟨ … ⟩ На гэтай шалі вагаў была краіна (Лукашэнка традыцыйна спасылаецца на “краіну”, калі вядзецца пра яго асабістую ўладу. — “Позірк”.)”.
Інтэрнэт максімальна блакаваўся ў дзень выбараў 9 жніўня 2020 года і тры наступныя дні, а таксама моцна запавольваўся пазней падчас нядзельных масавых акцый пратэсту.
- ПалітыкаКрамы беларускіх тавараў у Грузіі не падтрымалі папераджальны страйк з патрабаваннем новых парламенцкіх выбараўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Выбары, Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- ГрамадстваТРВОД чакае, што на Вадохрышча ў вадаёмы акунецца 300 тыс. чалавекМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- ЭканомікаУраджайнасць памідораў у цяпліцах зніжаецца ў гадавым выражэнні восем месяцаў запар — БелстатМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 14 студзеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Выбары, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Эканоміка