На фоне выбараў у Беларусі Літва ўзмацніла ахову мяжы

26 студзеня, Позірк. У Літве “прынятыя меры да яшчэ больш высокага ўзроўню аховы межаў”, паведамляе LRT са спасылкай на прадстаўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедруса Мішуціса.
“Рэжым аховы межаў застаецца ўзмоцненым заўсёды — геапалітычная сітуацыя, прычым пры наяўнасці такіх суседзяў, — заявіў ён. — На фоне беларускіх выбараў узровень пільнасці яшчэ падвышаецца — узмоцнены рэжым пераходзіць у іншую, больш высокую фазу”.
Паводле слоў Мішуціса, у выпадку інцыдэнтаў “могуць быць задзейнічаны і іншыя ведамствы”, уключаючы вайскоўцаў, паліцыю, спецслужбы, а таксама Саюз стралкоў Літвы.
З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца міграцыйны крызіс. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве. У сувязі з гэтым яны ўзмацнілі ахову сваіх межаў.
У 2024 годзе Літва прадухіліла 1.002 спробы незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі (за 2023-ы — 2.644; -62,1%).
27 снежня 2024 года літоўскі міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс на сустрэчы з кіраўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святланай Ціханоўскай у Вільнюсе падкрэсліў важнасць “забеспячэння належнага адказу міжнароднай супольнасці на мерапрыемства па пераабранні Лукашэнкі, якое арганізуецца рэжымам 26 студзеня наступнага года”.
“Мы павінны гучна казаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі: пра неаслабныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народа, працяглую падтрымку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, партнёрства з Кітаем, Іранам і Паўночнай Карэяй. Працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, будуць мець наступствы не толькі для Літвы, але і для ўсёй Еўропы і міжнароднай архітэктуры бяспекі”, — заявіў кіраўнік МЗС.
Цяперашняя кампанія праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, “спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады”, праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі. З крытыкай выбараў выступілі Еўрапарламент, ЗША, шэраг іншых дэмакратычных дзяржаў ды інш.
Апрача Лукашэнкі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта зарэгістраваныя лідары трох праўладных партый — Алег Гайдукевіч (Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі), Сяргей Сыранкоў (Камуністычная партыя Беларусі) і Аляксандр Хіжняк (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці). Яшчэ адзін кандыдат — былы член Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, удзельніца выбарчай кампаніі 2020 года Ганна Канапацкая, якая пазіцыянуе сябе як “дэмакратычную альтэрнатыву”, аднак крытыкуе не Лукашэнку, а яго апанентаў, што знаходзяцца ў турме або за мяжой.
З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11–12 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ПалітыкаБельская назвала групу экспертаў па правах чалавека ў Беларусі "безадказнай структурай"Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаПольшча мадэрнізавала сістэму аховы мяжы з Беларуссю для выяўлення лятучых аб'ектаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаЗа мінулы дзень суседнія краіны ЕС зафіксавалі 10 спробаў незаконнага пераходу з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка


