Мінск 23:43

У Мінску з-за адкрыцця новых станцый метро адмяняюць два тралейбусныя маршруты

3 лютага, Позірк. У сувязі з “адкрыццём новых станцый трэцяй лініі метрапалітэна і пераразмеркаваннем пасажырапатокаў” з 10 лютага ў працу гарадскога грамадскага транспарту ўносяцца змены, паведаміў Мінсктранс.

Адзначаецца, што “для зніжэння транспартнай нагрузкі на вулічна-дарожную сетку пры рэканструкцыі пуцеправода паміж пр. Незалежнасці і вул. Маскоўскай” адмяняюцца тралейбусныя маршруты № 43, 51.

Таксама паведамляецца, што з 10 лютага змяняюцца маршруты: аўтобуса № 53 “ДС Дружная — Ландэра” ад прыпыначнага пункта “Брэсцкая” па вуліцы Л.Левіна праз плошчу Стары аэрапорт, вуліцу Н.Тэслы, праспект Міра, вуліцы Жукоўскага і Талстога да дыспетчарскай станцыі “Дружная” ў абодвух напрамках; аўтобуса № 107 “ДС Кунцаўшчына — Каржанеўскага” ад праспекта Жукава па вуліцах Брылеўская, Вірскай, Казінца і далей у напрамку РК “Каржанеўскага” (без выканання прыпынку “Брылеўская”), у зваротным кірунку — ад вуліцы Казінца па вуліцы Брылеўская, праспекце Жукава і далей па маршруце; скарачаецца маршрут аўтобуса № 111 з боку чыгуначнай станцыі “Мінск-Паўднёвы” да прыпыначнага пукта “Вакзал” (прыпынак аўтобусных маршрутаў № 47С, 50С).

У сувязі з адкрыццём новых станцый метро прыпыначныя пункты “Слуцкі Гасцінец” пераназываюцца ў “Станцыя метро “Слуцкі Гасцінец” (“Станция метро “Слуцкий гостинец”) (акрамя прыпынку, размешчанага па вуліцы Кіжаватава ў напрамку вуліцы Сярова).

Пунктам “Дзіцячая бальніца”, размешчаным па вуліцы Асіповіцкая і вуліцы Кіжаватава, прысвойваецца назва “Станцыя метро “Немаршанскі сад” (“Станция метро “Неморшанский сад”).

30 снежня быў адкрыты новы ўчастак трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна. У эксплуатацыю ўведзеныя станцыі “Аэрадромная”, “Немаршанскі сад” і “Слуцкі Гасцінец”.

Згодна з праектам, агульная працягласць лініі складзе 16 км і будзе складацца з 14 станцый, злучаючы паўднёвую і паўночную часткі Мінска з цэнтральнай часткай горада.

Падзяліцца: