Мінск 18:43

Кіраўнікі знешнепалітычных структур Беларусі і Ватыкана абмеркавалі ў Жэневе двухбаковую супрацу

Фота: прэс-служба МЗС

26 лютага, Позірк. Перамовы з сакратаром па стасунках Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам правёў 25 лютага ў Жэневе (Швейцарыя) міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага знешнепалітычнага ведамства, размова тычылася “пытанняў двухбаковай супрацы, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс”.

Беларуская дэлегацыя на чале з Рыжанковым 24–26 лютага 2025 года наведвае Жэневу для ўдзелу ў “сегментах высокага ўзроўню” 58-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) і Канферэнцыі па раззбраенні. Галахер прадстаўляе Святы Пасад на сесіі СПЧ.

У верасні 2020 года Галахер прыязджаў у Беларусь вырашаць сітуацыю арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам (на той момант старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі і мітрапаліт Мінска-Магілёўскі), якому рэжым Аляксандра Лукашэнкі — на фоне заяў іерарха пра грамадска-палітычны крызіс у краіне — не даваў вярнуцца на радзіму.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

Ад пачатку восені 2020 года да канца восені 2024-га, паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 31 прадстаўнік Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Новыя факты пераследу святароў, у тым ліку каталіцкіх, з’яўляюцца дагэтуль.

Разам з тым улады ў Мінску ўсяляк хочуць прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касцёлам у Беларусі, так і з сусветным каталіцызмам у цэлым.

На сустрэчы з беларускімі рэлігійнымі лідарамі сёлета 10 лютага Лукашэнка заявіў пра павагу да папы рымскага Францішка, папрасіў перадаць пантыфіку “самыя добрыя пажаданні” і выказаў надзею на сустрэчу з ім.

Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан. У красавіку 2009 года ён сустракаўся з папам рымскім Бенедыктам XVI, у траўні 2016-га — з Францішкам.

17 снежня 2024 года Лукашэнка, віншуючы Францішка з 88-годдзем, чарговы раз запрасіў яго наведаць Беларусь. Фактычна кіраўнік Святога Пасаду не можа прыехаць праз негалоснае правіла: папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфесія ці рэлігія, без згоды адпаведнага рэлігійнага лідара. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасцю, гаворка пра патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (Гундзяева). Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы згоду на візіт не даваў.

Падзяліцца: