Мінск 18:27

Лукашэнка: Стаўленне да прыватнікаў і дзяржпрадпрыемстваў павінна быць аднолькава жорсткім

28 лютага, Позірк. Стаўленне да прыватнікаў і дзяржаўных прадпрыемстваў павінна быць аднолькавым — “жорсткае, у інтарэсах людзей”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 28 лютага на нарадзе па новай сістэме рэгулявання цэн.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, якога цытуе яго прэс-служба, прыватны бізнес прапануе “заціснуць” і “прыціснуць” дзяржаўныя прадпрыемствы.

“Учора крычалі: пастаўце нас у роўныя ўмовы, дзяржаўныя прадпрыемствы і прыватныя. Сёння кажуць: не, тут вось давайце ў нас поўная свабода, ніякага рэгулявання быць не павінна, а дзяржаўныя зацісніце”, — сказаў аратар.

Роля дзяржавы, паводле яго слоў, адгэтуль павінна быць “не ў наглядзе, а ў стварэнні зразумелых умоў працы, агульных правіл паводзін для ўсіх удзельнікаў рынку”.

“Ніхто да вас не павінен бегаць і прасіць адрэгуляваць цану. Бізнесмены, вытворцы самі павінны ўсталёўваць цану на прадукцыю, але ў іх таксама павінна быць каляіна — каляіна справядлівасці”, — папярэдзіў Лукашэнка.

Гаворачы пра сітуацыю з цэнамі, ён заявіў, што ў 2022 годзе адбывалася “адкрытая цэнавая вакханалія”, спыніць якую давялося “ўльтыматыўна”.

“Імем рэвалюцыі спынілі. Больш за тое, насуперак панікёрам-скептыкам, што крычалі, што крамы апусцеюць, разарацца і зачыняцца, усе засталіся працаваць і працуюць. Дый таварны асартымент мы не толькі захавалі, але і пашырылі з часам. І калі нешта дзесьці не так, значыць, мы вінаватыя. І не трэба тут спасылацца на нейкія эканамічныя прычыны”, — заклікаў Лукашэнка.

Адносна інфляцыі і кантролю цэн Лукашэнка заявіў, што быў створаны комплексны дакумент па рэгуляванні спажывецкага рынку, які “закранаў не толькі пытанні цэнаўтварэння”. “Калі б гэта быў комплексны дакумент, то не было б кучы скаргаў з боку вытворцаў, прадаўцоў і іншых”, — сказаў ён.

Лукашэнка заявіў, што не лічыць скаржнікаў, якія звяртаюцца да яго і ў адпаведныя органы, абсалютна правымі.

“Я разумею, хто ў асноўным скардзіцца, што гэта за людзі. Я глыбей пачынаю глядзець: калі ў цябе сёння няма грошай на тое, каб нешта купіць (а цэны ў нас самыя нізкія ў свеце, яны, можа быць, не задавальняюць усіх, але гэта самыя нізкія цэны ў свеце), то ідзі працуй. Ідзі на другую, на трэцюю працу. Калі цябе не бяруць, давай паглядзім, як ты вучыўся ў школе, што ў цябе ў галаве ёсць”, — заявіў ён. Лукашэнка таксама прапанаваў людзям, якіх не бяруць на працу, стаць перад люстэркам, паглядзець на сябе і задацца пытаннем, ці здольныя яны паказваць вынік.

Паведамляецца, што Лукашэнка даручыў ураду сумесна з дзяржаўнымі органамі, аблвыканкамамі і бізнесам да красавіка вызначыцца з новай сістэмай рэгулявання цэн.

На нарадзе аратар нагадаў, што ў краіне дырэктыўна павышаюцца некаторыя цэны, у прыватнасці на жыллёва-камунальныя паслугі, “іншыя напрамкі, паліва”, яны жорстка кантралююцца “і без дазволу ўладаў цэны [на іх] не растуць”.

Лукашэнка таксама заявіў, што ў Беларусі “адзін з самых нізкіх паказчыкаў [інфляцыі] сярод краін — удзельніц Садружнасці”.

“Але трэба разумець, што мы па ланцужку ад сыравіны да тавару не ўсё маем у краіне. Мы па імпарце больш за палову завозім для таго, каб вырабляць у нашай эканоміцы тавары і прадаваць. Гэта вялікая залежнасць. Мы там інфляцыю не рэгулюем. І калі нам танней не могуць прадаць, мы купляем па столькі, па колькі нам прапануюць”, — сказаў выступоўца.

На нарадзе зноў было ўзнятае пытанне кошту гародніны, цэны на якую зімой штогод, паводле слоў Лукашэнкі, падвышаюцца на 15-20%.

У 2024 годзе спажывецкія цэны ў Беларусі выраслі на 5,16% (сёмае месца на тэрыторыі былога СССР), у 2023-м — на 5,84% (пятае), у 2022-м — на 12,83% (дзявятае), у 2021-м — на 9,97% (таксама дзявятае), у 2020-м — на 7,36% (пятае), за апошнія пяць гадоў — на 48,27%, з улікам студзеня 2025 года — на 49,29%. Пра гэта сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз нацыянальных органаў статыстыкі.

Як адзначаецца ў артыкуле старшага навуковага супрацоўніка даследчага цэнтра BEROC Дзмітрыя Крука, апублікаваным у бюлетэні “Маніторынг эканомікі Беларусі: тэндэнцыі, настроі і чаканні. Люты 2025 г.”, фармаванне новай хвалі інфляцыйнага ціску — “больш чым верагодны сцэнар ужо ў 2025 годзе”.

“Глабальнае паскарэнне інфляцыі адаб’ецца на нашай эканоміцы, нягледзячы на выбудаваныя агароджы, — адзначае эксперт. — Калі ж у сусветнай эканоміцы інфляцыю будуць тушыць за кошт узмацнення манетарнай палітыкі, што прывядзе да запаволення росту, то гэта па ланцужку аслаблення попыту створыць дадатковыя негатыўныя імпульсы для Беларусі”.

6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў дырэктыву № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн”.

Пастановай урада ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары ўсёй спажывецкай карзіны. Пазней з яго былі выключаны некаторыя групы тавараў, падкарэктаваны правілы рэгулявання цэн.

Пастанова № 713 можа быць адменена “ў недалёкай будучыні”, заявіў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры ўрадзе 31 кастрычніка 2024 года.

17 студзеня 2025 года прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, падводзячы вынікі працы эканомікі ў 2024 годзе, паведаміў, што ўлады выходзяць на “пэўную мадэль” цэнаўтварэння, якую ў найбліжэйшы час “канчаткова зацвердзіць” урад.

Падзяліцца: