Мінск 14:04

CК усклаў віну за леташнюю аварыю з маршруткай у Бабруйскім раёне на трактарыста

11 сакавіка, Позірк. Следчы камітэт усклаў віну за аварыю 4 чэрвеня 2024 года ў Бабруйскім раёне (Магілёўская вобласць), у якой пацярпела мноства пасажыраў маршрутнага таксі, на 44-гадовага кіроўцу трактара, з якім адбылося сутыкненне.

Пра высветленыя абставіны здарэння прэс-служба СК адсправаздачылася 11 сакавіка.

Паводле інфармацыі ведамства, на 19-м кіламетры аўтадарогі Бабруйск — Мазыр трактарыст “у парушэнне правілаў дарожнага руху, пры здзяйсненні левага павароту на неабазначаным скрыжаванні не пераканаўся ў бяспецы манеўру, што прывяло да сутыкнення з маршруткай, якая ехала ў спадарожным напрамку”.

Паводле апошніх звестак у мікрааўтобусе было 15 пасажыраў. У выніку ДТЗ пацярпела пяць чалавек — кіроўца і чатыры пасажыры, у тым ліку дзяўчынка-падлетак. Адметна, што ў дзень аварыі абласная міліцыя паведамляла, што “траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі 13 чалавек”, а Міністэрства аховы здароўя — пра тое, што ў маршрутцы было 17 пасажыраў.

“Падчас расследавання кіроўца трактара даваў супярэчлівыя паказанні, запэўніваючы следства, што ў ДТЗ вінаваты кіроўца маршруткі. Дасведчаныя следчыя галоўнага следчага ўпраўлення правяралі і гэтую версію здарэння, аднак яна не знайшла свайго пацверджання”, — заявіў СК па выніках расследавання.

У рамках крымінальнай справы дапыталі ўсіх удзельнікаў аварыі, правялі шэраг экспертыз, а таксама следчы эксперымент — кіроўцы на месцы здарэння дэманстравалі свае дзеянні “ажно да секунды сутыкнення”.

Следчыя, прааналізаваўшы атрыманыя звесткі, прыйшлі да высновы, што менавіта дзеянні трактарыста сталі прычынай аварыі. Мужчыну выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое прывяло з неасцярожнасці да прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў).

Падзяліцца: