Мінск 14:27

На мяжы з Украінай адкрылі комплекс пагранзаставы “Нароўля”

Відэа: Дзяржпагранкамітэт / Стоп-кадр "Позірк"

11 сакавіка, Позірк. Комплекс пагранічнай заставы “Нароўля” Мазырскага пагранатрада адкрыўся 11 сакавіка, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, у цырымоніі адкрыцця ўдзельнічаў старшыня Дзяржпагранкамітэта Канстанцін Моластаў, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі, “прадстаўнікі раённых уладаў, духавенства, вайскоўцы Мазырскага пагранічнага атрада”.

Начальнік Мазырскага пагранатрада Сяргей Саўчук назваў адкрыццё заставы “чарговым мерапрыемствам у пытаннях умацавання дзяржаўнай мяжы на паўднёвым напрамку”. Паводле яго слоў, на гэтым участку праведзеная “сур’ёзная перабудова ў пытаннях аховы” мяжы, “істотна павялічаны штат” заставы, атрыманыя новыя ўзоры ўзбраення, тэхнікі, у тым ліку беспілотнікі.

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, падраздзяленне пачало ахоўваць мяжу з Украінай 31 кастрычніка 2018 года. Першапачаткова вайскоўцы размяшчаліся “ў адным з будынкаў Нараўлянскай перасовачнай механізаванай калоны”.

“У сувязі з новымі рызыкамі з боку сумежнай дзяржавы, а таксама павелічэннем участка пад аховай 3 траўня 2021 года пагранічны пост “Нароўля” быў пераўтвораны ў пагранічную заставу”, — гаворыцца ў паведамленні.

Новы комплекс пагранзаставы пачалі будаваць 20 лютага 2023 года ў рамках дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы.

За пагранзаставай “Нароўля” замацаваны ўчастак мяжы Беларусі з Украінай працягласцю больш за 60 км, які праходзіць па тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Праз участак праходзіць рака Прыпяць, на ім таксама шмат забалочаных тэрыторый.

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, “на ўчастку адказнасці падраздзялення дзейнічаюць дзве добраахвотныя дружыны і адзін атрад юных сяброў пагранічнікаў”.

14 сакавіка 2024 года на адкрыцці ў Мазырскім раёне заставы “Баравое” на мяжы з Украінай старшыня аблвыканкама Іван Крупко паведаміў, што на тэрыторыі Гомельскай вобласці ў 2024 годзе ўвядуць у строй дзве новыя пагранзаставы, яшчэ адну рэканструююць. Тады ён не назваў іх месцазнаходжанне.

Працягласць мяжы паміж Беларуссю і Украінай складае 1.084,2 км, з іх 758,3 км на сухапутным участку, 325,9 км — па рэках Днепр, Сож і Прыпяць, каля 120 км — у зоне адчужэння каля Чарнобыльскай АЭС.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой улады ў Мінску падтрымліваюць Крэмль. На пачатку вайны расійскія войскі ўварваліся на ўкраінскую тэрыторыю ў тым ліку з боку Беларусі. Пасля таго, як захопнікі былі выгнаныя з паўночнай часткі Украіны, вайскоўцы пачалі мінаваць тэрыторыю, якая прымыкае да беларускай мяжы, узводзіць абарончыя збудаванні.

Падзяліцца: