Мінск 14:48

За суткі прыродныя пажары здарыліся ў 86 раёнах Беларусі

11 сакавіка, Позірк. У 86 з 118 раёнаў Беларусі 10 сакавіка зафіксаваныя прыродныя пажары, паведамляе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адзначае ў сутачнай зводцы, што з 6.00 10 сакавіка да 6.00 11 сакавіка ліквідавана 10 лясных пажараў на агульнай плошчы 8,9 га, 6 тарфяных пажараў (3,3 га) і 243 пажары травы і кустоўя (57,93 га).

Пяць лясных пажараў здарылася ў Брэсцкай вобласці, па два — у Гомельскай і Магілёўскай, адзін — у Мінскай. Восем з іх былі ліквідаваны сіламі Міністэрства лясной гаспадаркі, 2 — сумесна Мінлясгасам і МНС. Усяго для ліквідацыі лясных пажараў прыцягвалася 62 адзінкі тэхнікі і 229 чалавек, гаворыцца ў зводцы МНС.

10 сакавіка быў ліквідаваны тарфяны пажар каля вёскі Краі Асіповіцкага раёна (Магілёўская вобласць) на плошчы 0,9 га. Ён працягваўся некалькі сутак.

У ноч на 11 сакавіка здарыўся лясны пажар каля вёскі Беражцы Жыткавіцкага раёна (Гомельская вобласць). Адзначаецца, што для яго ліквідацыі было задзейнічана восем адзінак тэхнікі і 72 супрацоўнікі лясгаса. Плошча ўзгарання склала 12,6 га, да 6-й раніцы пажар быў лакалізаваны.

Пяць дзён запар у Беларусі абнаўляюцца гістарычныя тэмпературныя максімумы за ўвесь перыяд інструментальных метэаназіранняў (з 1881 года), вынікае з праведзенага “Позіркам” параўнання аператыўных і архіўных звестак Белгідрамета.

Падзяліцца: