Мінск 15:22

Беларусь падзяляе з Расіяй другое месца ў ЕАЭС па росце цэн на прамысловую прадукцыю — ЕЭК

11 сакавіка, Позірк. У студзені 2025 года цэны на прамысловую прадукцыю ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) у параўнанні з снежнем 2024-га выраслі на 0,5%, а ў гадавым вымярэнні — на 9,4%, сведчаць статыстычныя даныя Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

У Кыргызстане яны павялічыліся за месяц на 1,4% (+21,7%), у Беларусі і Расіі на 0,5% (+4,5% і +9,7% адпаведна), у Казахстане — на 0,4% (+9,4%); у Арменіі засталіся без зменаў (+2,8%).

Цэны вытворцаў у горназдабываючай прамысловасці і распрацоўцы кар’ераў у цэлым па ЕАЭС павялічыліся на 1,4% (+11,6%): у Беларусі — на 3,3% (+16%), Расіі — на 1,7% (+12%); у Кыргызстане, Казахстане і Арменіі знізіліся на 0,3% (+14,5%), 0,3% (+8,3%) і 3,9% (+5,3%) адпаведна.

У апрацоўчай прамысловасці цэны ў студзені павялічыліся ў Арменіі і Казахстане — на 1% (+2,1% і +10,5%), Кыргызстане — на 0,8% (+20,8%), Расіі — на 0,4% (+8,7%), Беларусі — на 0,2% (+4,8%). У сярэднім па аб’яднанні цэны ў гэтай галіне выраслі на 0,4% (+8,6%).

У сектары электразабеспячэння, падачы газу, пары і паветранага кандыцыяніравання ў ЕАЭС месячнае зніжэнне склала 1% (+12,3%): у Арменіі і Расіі цэны сталі меншыя на 0,3% (+1,2%) і 1,3% (+12,9); у Беларусі яны выраслі на 1,3% (+1,2%), Казахстане — на 1,4% (+9,3%), Кыргызстане — 9,7% (+43,1%).

Цэны ў галіне водазабеспячэння, каналізацыі, кантролю над зборам і размеркаваннем адкідаў у Казахстане і Беларусі павялічыліся на 1,7% (+12%) і на 0,3% (+9%); у Кыргызстане за месяц не змяніліся, але ў гадавым выражэнні выраслі на 2,3%; у Арменіі і Расіі знізіліся на 0,4% (+1%) і 0,5% (+6,8%). Зніжэнне ў цэлым па ЕАЭС склала 0,4% (+7%).

Прамысловая вытворчасць у студзені 2025 года ў бягучых цэнах склала 16,5 млрд рублёў — на 2,9% больш, чым год раней, сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У горназдабываючай прамысловасці рост склаў 1,4% (месяцам раней 3,6%), апрацоўчай прамысловасці — 5,7% (+5,5%); у сферы забеспячэння электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыяніраваным паветрам адбылося зніжэнне на 9,4% (+5,5%), у галінах водазабеспячэння, а таксама збору, апрацоўкі і выдаленні адкідаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў — на 1,5% (+0,2%).

Па выніках студзеня — снежня 2024 года Беларусь заняла другое месца ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) па росце прамысловай вытворчасці ў параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак дэпартамента статыстыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

Запасы гатовай прамысловай прадукцыі на складах па выніках студзеня 2025 года склалі 9 млрд 716 млн 835 тыс. рублёў, сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам, са студзеня 2016 года яны павялічыліся ў 2,7 разы (з 3 млрд 570 млн 205 тыс.).

Горшая дынаміка зафіксавана ў Брэсцкай вобласці, дзе затаваранасць стала большай у 3,4 разы (з 382 млн 911 тыс. да 1 млрд 293 млн 701 тыс. рублёў).

Далей ідуць: Віцебская і Гродзенская вобласці — у 3 разы (з 323 млн 310 тыс. да 968 млн 21 тыс. і з 406 млн 662 тыс. да 1 млрд 223 млн 1 тыс. адпаведна), Мінская — у 2,8 разы (з 900 млн 927 тыс. да 2 млрд 547 млн 382 тыс.), Гомельская — у 2,6 разы (з 405 млн. 939 тыс. да 1 млрд 66 млн 833 тыс.), Мінск — у 2,4 раза (з 794 млн 431 тыс. да 1 млрд 926 млн 919 тыс.), Магілёўская — у 1,9 разы (з 356 млн 26 тыс. да 690 млн 978 тыс.).

Падзяліцца: